Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 28
Віктар Карамазаў
Нябеснае сьвяціла, быццам стамлёны астранаўт, садзілася за дом у пяць паверхаў на процілеглым баку прасьпекту.
Гаўрыла адклаў палітру, падышоў да акна і глядзеў з яго ўніз на людзей, якія кудысьці плылі бясконцым вясновым ручаём па шэрым асфальце.
Вярнуўся да мальберта, узяў нацюрморт за падрамнік, нібы малога свавольніка за каўнер, павярнуў выяваю ад вачэй.
Набраў з крана вады ў бутэльку з-пад кефіру і выліў ваду ў вазон пад цыкламены — аддзячыў за цярплівасьць.
Зьмяніў на плячах вопратку і пакінуў майстэрню.
Мінуў дзень ды яшчэ дзень — у майстэрню не заглядаў. Астыў, перагарэў ці змогся? Але быў трэці дзень — прыбег і доўга ўглядаўся ў свой нацюрморт. Узяў вазон у рукі, павярнуў у адзін бок, затым у другі, пачаў кружыць вакол уяўнай восі, хутчэй, яшчэ хутчэй. Лісты ды кветкі плылі па крузе, мяняючыся ў формах, сьвятле, а вочы лавілі, выхоплівалі з калаўроту нечаканыя абрысы, дэталі, кампазіцыі.
Паставіў вазон на стол, сеў і задумаўся: столькі арыгінальнага ў ляпніне кветак праплыло за паўхвіліны ў вачах, а што ў нацюрморце? Натуры вартае?
Схапіў палітру, пэндзлі — стаў да мальберту. І тут нехта ўзяў за руку. На руку глянуў — стрэлкі гадзіньніка паказвалі хвіліны, што заставаліся да блізкай лекцыі.
Быў выратаваны нацюрморт? Мог і загінуць? Хто ўратаваў? Архангел Гаўрыіл — ахоўнік?..
Як выйшаў з інстытуту, чакаў тралейбус, каб зноў ехаць у майстэрню, загледзеўся на дзьвюх сваіх студэнтак. Іх бачыў у гэты дзень на лекцыі. Сябровачкі сядзелі побач, слухалі лектара, пісалі ў сшытках, як усе студэнты, і тым былі на ўсіх падобныя, а тут, на вуліцы, бясконца шчабяталі адна адной у тварыкі, нібы шпачыхі на сонейку, нікога, акрамя сябе, не заўважалі, абедзьве такія сьветлыя, узьнёслыя, вытанчаныя ў рухах, жэстах, лініях фігурак, нібыта сышлі з вядомай кожнаму студэнту фрэскі Бацічэлі, кожным жэстам ды слоўкам радуючыся вясьне, вясну радуючы. Ня мог адвесьці ад іх вачэй. І калі яны зьнянацку ўскочылі ў тралейбус, за імі быў памкнуўся, але наперадзе стаялі мужчыны — не пасьпеў. Дзьверы тралейбуса зачыніліся. Сеў у наступны — свой.
У майстэрні ўжо ня думаў пра тыя, што раніцай трымаў у руках з вазонам, ракурсы ды кампазіцыі кусточка цыкламенаў, ужо бачыў іншае — як нестае нацюрморту дзьвюх красак, падобных да яго студэнтак. І калі праз нейкі час яшчэ дзьве краскі, сагрэтыя вясновым сонейкам, узьняліся над купай лісьця, калі іншыя краскі з той купы заўважылі дзьве новыя, кожная па-свойму прывеціла залётных, мастак адчуў, што большага на палатне ня трэба. Адклаў палітру, адышоў ад мальберта, сеў на крэсла і шчасьліва ўсьміхнуўся сваім цыкламенам.