Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 24

Віктар Карамазаў

— Пра што ты думаеш?..

— Мацільда?..

Ён схамянуўся, глянуў налева, направа: саплі ў крэслах, закрыўшы вочы, людзі. Чужыя. Мацільда з сынамі, Міколам ды Косьцікам, у Кішынёве? Так — прымроіў. У Менск ляцеў адзін.

За шклом ілюмінатару плылі аблокі. Плыло праз іх і з імі разам сонечнае сьвятло, зіхоткае і трапяткое. Паміж аблокаў — плямы блакіту, сагрэтыя тым самым сонцам. Успыхвалі і зьнікалі ўсе колеры сьпектру, усе адценьні, пасьпяваючы адны ў другіх сагрэцца і растварыцца. Плямы сьвятла тапіліся і ў шараватай пене, з якое ўздымалася вялізнае смарагдавае воблака — гусьцела, налівалася зялёнай вірыдонавай з падмесам ультрамарыну і ў момант разьляцелася, нібы нажом раскроенае на дзьве роўнавялікія палосы. Там, дзе прайшоўся востры нож, зайграла вастрыё блакіту ў аздобе смарагдава-зялёнай пены. Прыпяць? Жаўтлява-сонечныя шнуры ўздоўж берагоў — яна? Гаўрыла ўтаропіў у ілюмінатар вочы, але — так хутка зьнікла? І зноў плылі аблокі. Гаўрыла адкінуўся да сьпінкі крэсла, заплюшчыў вочы і тады зноў, нібы жывая, зайграла блакітам стужка, бліснула між куп’я, чароту, хмызоў, пясчаных выспаў, уперлася ў дрэва і адступіла, уважыўшы ягонай моцы. Стаяў дуб у галоўцы ракі. Крона — усё неба. Сукі — дарогі ў небе. Камель — харома на ступаках таўсматых, у шчылінах ды раўчуках, сьлядах агню, маланак, з дуплом вялізным — проймаю ў харому. А што за латы блішчэлі на грудзіне асілка, сталёвымі трасамі аперазанай? І да вады — канцы тросаў. Там, на тросах, чаўны, баркасы, баржы — аж цэлую флатылію трымаў ля берага асілак-дуб. Прычал і прыстань? А што яшчэ — дуб? Дупло — як зала-пачакальня? Ад ветру, дажджу, завеі, сонца. Угары, дзе воблакі, — гнезьдзі­шча буслоў. Стаяць — доўгімі дзюбамі аблокі лічаць. Клац-клац — метэаролагі? І ліхтары сьвятла.

Ну, дзед Бакшай, што б ты сказаў, пабыўшы на Палесьсі? Усё гэта — ява жыцьцёвая альбо мастацкая?

За ілюмінатарам неслася белая кудзеля, матляючыся, нібы на прасьніцы ў бабы Сынклеты ці ў мамы на шырокім, расчэсваць воўну, грэбені. Кожная пасмачка і нават нітачка ў пасмах выпростваліся на стрэчным ветры паасобна, і ў кожнай зіхацела палітра ўсіх колераў зямлі ды неба.

О, жывапіс! Ты — увесь сьвет!.. Сусьвет!

Самалёт садзіўся на зялёны аблог.

Цыкламены

Жыцьцё ходзіць кругамі, і да таго часу, пакуль круг ня выпрастаецца, як той нябога, у пасак, жыцьцё не затухае. За кожным кругам — новы круг.

Другі раз Менск сустрэў Вашчанку больш прыхільна. Кафедра яго чакала, хоць кафедрай, па сутнасьці, былі ўсяго толькі сьцены інстытуту ды чые­сьці добрыя намеры. Ні сьпецыялістаў-выкладчыкаў пад новыя праграмы, ні саміх праграмаў, планаў, методыкаў.

Выкладаць малюнак, аснову асноваў для будучых мастакоў, прыйшоў Стальмашонак. Яго Вашчанка ведаў яшчэ працуючы ў Кішынёве, з ягонае парады трапіў і на конкурс у інстытуце. Данцыг ды Стасевіч прыйшлі на жывапіс. Мазаіку, тэкстыль, вітраж пагадзіўся весьці Кішчанка. А ён узяўся за кампазіцыю і жывапіс — тое, што выкладаў у Кішынёве.