Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 22
Віктар Карамазаў
Адказы на ўсе пытаньнi, нават генiям, былi ў Тараса. Што ж гэта за паэт? I чаму толькi тут, у Львове, ён, Гаўрыла, гэтак зразумеў i пачуў Кабзара? “Украiна, мати моя...” — вось адказ на пытаньне: навошта? Дзеля Мацi Украiны! А што сабе, як не паэту — шэраму чалавеку? “Дай мнi Украiну!..” А яшчэ, акром высокага? Як чалавеку слабому — што?.. “Мiнаюць днi...”? Ёсць: “Доле, де ти? Доле, де ти? Нема нiякоi! Коли доброi жаль, божэ, То дай злоi! злоi! Не дай спати ходячому, Серцем замирати, I гнилою колодою По свиту валятись. А дай жити, серцем жити I людей любити!..” Тут — усе адказы генiям i прафесарам усiх часоў? I ня генiям — таксама. Усiм, у каго ёсьць радзiма. Ну, а на яго, Гаўрылава, пытаньне, якое насiў у сабе з таго часу, як адкрыў паэзiю Кабзара i ўбачыў, чым жывуць сяляне ў Чыкалавiчах, свае палешукi, адказ цi быў? Якое яго пытаньне? А такое: чаму цi ня ўсё беларускае Палесьсе чытае Тараса, любiць Тараса, як нiкога з паэтаў-духоўнiкаў, можа, болей, як сваiх беларускiх? Гэтую загадку доўга насiў у сабе як разгубу, разам з паэзiяй Кабзара, у сэрцы, ня мог адно з адным зьвязаць, адным другое высьвецiць, адным другое зразумець. А хiба ня тут, у вершах-думах, i быў адказ? Хiба не таму палешукi-беларусы любiлi Тараса, што ён нiводным словам не прынiзiў нi мужыка, нi народ, i калi гаварыў пра iх, гаварыў iм, а пра iх i да iх усе кабзаровы песьнi-думы, то рабiў гэта ня так словам, як болем прыгоннага селянiна ды катаржнага салдата, якi жыў у кожным мужыку i ва ўсiм народзе.
Восень лiстападу.
Мы стаім на беразе возера Баравое пад Бягомлем.
Ціха. Сонечна. Крыху, на разьвітаньне з летам, ядрана.
З-за возера да нашага берагу час ад часу падлятае нязлосны вецер, зухавата цярэбіць бярозам чубы, зьмятае з іх жоўтае лісьце нам пад ногі і на ваду. У нязмушанай лагодзе і цішыні мастак спакойна, як у працяг ранейшае размове, кажа:
— Шаўчэнка — мой любімы паэт.
Прызнаньне ў настроі восені? Пытаюся:
— А з нашых?
Ён усьміхаецца:
— Максім Багдановіч. А чаму? нідзе ня схлусіў. Гэта — як Шаўчэнка ніводным словам не прынізіў мужыка. Дзьве формулы аднолькавай вагі. А які жахлівы быў у Максіма лёс! Гэтак любіць свой народ, амаль не жывучы ў ім! Якая драма і якая годнасьць! Ня кажучы пра паэтычны дар, пра мову.
Зноў падлятае і шапоча ў чароце вецер.
— А можа, адарванасьць ад радзімы і абвастрае пачуцьці, інтуіцыю паэта? Я толькі ў Львове зразумеў, што нічыім ня буду мастаком, ні ўкраінскім, ні расейскім, ні малдаўскім, колькі б дзе ні жыў і як бы ні любіў суседзяў, магу быць толькі беларускім, пісаць адну сваю краіну-браначку. Як скончыў інстытут у Львове, прыехаў, ня маючы накіраваньня, у Менск, каб тут застацца. А дзе жыць? Дзе працаваць? Быў не адзін — сям’я. Зайшоў у Саюз мастакоў. А там Ахрэмчык. Ён кіраваў Саюзам. І ён мне сказаў, не саромеючыся: нам тут самім няма што есьці. І больш я з ім не гаварыў. Вярнуўся ў Львоў.
— Былі пакрыўджаныя?
— Не за сябе. За тое, што на маёй радзіме гэтакае разуменьне жыцьця ў мастацтве ды і мастацтва. Там я ня бачыў і ня чуў хамства.