Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 25

Віктар Карамазаў

Кафедра сабралася маладая, а маладых заўсёды вабяць новыя ідэі, жывая праца, свабода выбару. Тут і спрэчкі, нібы маланкі з громам у ясны дзень. Што, скажам, для мастака найпершае — тэорыя ці практыка? Ніхто не сумняваўся, што трэба вывучаць малюнак, кампазіцыю, персьпектыву, тэхніку жывапісу, але якім шляхам? Што, урэшце, кампазіцыя — навука альбо інтуі цыя? Як спасьцігалі яе вялікія мастакі? Творчая свабода, актыўны, па-за догмамі, пошук, такія жаданыя ў маладосьці, рабілі верхам інтуіцыю, прыродны дар, іх абагаўлялі. Але тады як быць з даўным-даўно прызнанымі правіламі сіметрыі, персьпектывы, раўнавагі, рытму, гармоніі, стылявога адзінства ўсіх кампанентаў твору? Класныя штудыі і пленэрная практыка, пройдзеныя Гаўрылам у Кіеве ды Львове, па-еўрапейску адкрытая атмасфера вывучэньня сусьветных шэдэўраў, якую стваралі мэтры-выкладчыкі львоўскага інстытуту, давалі адказы ледзь не на ўсе пытаньні. Але для тых, хто твае пленэры ды штудыі не прайшоў? Сказаць — яшчэ не даказаць. Даказвае ўласны вопыт.

Спрэчкі, якія ўспыхвалі сярод выкладчыкаў на кафедры, працягваліся ў аўдыторыях студэнтаў.

— Ваш ідэал – мастацкая інтуіцыя, і вы спасылаецеся на Мікелянджэла? Так, гэта геній інтуіцыі. Але што з яго жывапісу вы маеце на ўвазе? Росьпі­сы Сікстынскай капэлы, шэсцьсот квадратных метраў, ці “Бітву пры Кашыне”? “Расьпяцьце Пятра” ці “Пераўвасабленьне Паўла”? А можа, скульптуру — “Давіда”, “Майсея”, “Плач над Хрыстом”, “Піету Раданіні”? І вы ня бачыце ўсюды дакладна разьлічаных формаў і кампазіцыяў? Шасьціметровы гігант “Давід” стаіць стагоддзі на каркасе адной інтуіцыі? У ім няма мысьляра, які разьлічваў і ўзводзіў у цэнтры Рыму сабор Пятра ці Капітолій?..

Сыпануўшы да студэнтаў пытаньнямі, маўчаў, вытрымліваў паўзу, слухаў дыханьне аўдыторыі. Любіў у спрэчках хвіліну цішыні, бо ведаў: калі маўчаць — то думаюць, маўчаць даўжэй — глыбей думаюць.

Каго там не пераканаў?..

— Вас, можа, пераканае геній Леанарда, ледзь не звар’яцелага ад навуковых разьлікаў сваіх мастацкіх шэдэўраў?..

Гасіць маладыя спрэчкі не сьпяшаўся. Іх цікавей было распальваць. Сыпаў пытаньнямі, якія новымі пытаньнямі вярталіся назад. Гэтакі творчы дэмакратызм прывабліваў студэнтаў, даваў прастору, каб кожны сам дайшоў да ісьціны. Але апошні акорд напагатове меў.

— Заглянем у сьвятцы? Той самы Леанарда: “Жывапіс — гэта і навука, і законная дачка прыроды!” Ці ёсьць ахвотнікі аспрэчыць Леанарда да Вінчы?..

Пазьней, калі аддасьць студэнтам і трыццаць, і болей гадоў жыцьця, калі аднойчы ў яго спытаюць, як у мастака, ці шмат за тыя гады страціў мастацкіх вобразаў, сюжэтаў, твораў, ён не схітруе: “Я вучыў маладых, а яны вучылі мяне. Яны сталелі, а я, на іх гледзячы, не сьпяшаўся старэць. Яны ў мастацтве сябе шукалі, а я з іх маладым імпэтам шукаў сябе. Блукалі яны, блукаў і я. Яны без мяне былі б ня тымі мастакамі, якімі сталі, а я бяз іх ня быў бы гэтакі, які ёсьць. Паміж нас розьніца адна: я сваю птушку павінен быў злавіць раней, як яны сваю. Іначай, які б я быў для іх настаўнік? І вось, здаецца, злавіў. І паказаў, як гэта робіцца. І тады яны, кожны сваю, злавілі. Калі вы лічыце, што я страціў, дык толькі тое, што набылі яны...”