Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 20
Віктар Карамазаў
— Кiдай работу. Вытры пэндзлi. Сёньня ня твой дзень. Будзеш у музеi — паглядзi, як пiша дзед Бакшай.
Прыглядаўся да ягоных работ ня толькi па музеях, але i на прыродзе, пiшучы з iм побач. I кожны раз дзiвiўся майстэрству старога жывапiсца. I вучыўся.
А павучаць той не любiў — раiў:
— Цi быў у оперы? Знайдзi час.
Будынак оперы ў Львове хто ня ведаў? Кожны раз, iдучы мiма, Гаўрыла любаваўся iм як творам выдатнага барока. Але адчынiць дзьверы ў тэатр, паслухаць цудоўных сьпевакоў усё ня мог выбраць часу. I вось — Бакшай: калi параiў, дык i выпадак знойдзе, каб спытаць, цi быў у оперы — дзед чэпкi, настырны. Куды ты ад яго дзенешся? Пайшоў. Як апынуўся ў вестыбюлi, адразу прыкiпеў да гледзiшча на велiчна-высокiх сьценах: роспiсы старых майстроў, ляпнiна, жывыя фарбы — галава кругам. А тут званок: дзе крэсла? Зайшоў у залу — забыў пра крэсла. Стаяў, нiбы ў саборы перад сьвятой iконаю, глядзеў на аграмадную заслону i ўжо нiчога, акрамя яе, ня бачыў. У яркiм сьвятле пражэктараў i лiхтароў палаў Алiмп багоў, i ўсе яны, антычныя, апекуны мастацтваў, былi там, на сьвятым Алiмпе, з Алiмпа ў залу праменiлi такую прыгажосьць ды радасьць, быццам уся опера тут i была — заслона, расьпiсаная Генрыхам Семiрадскiм, выдатным мастаком Расii ды Польшчы, iмператара ды караля. I з таго часу ўжо ня мог не хадзiць у оперу. Слухаў усё, што там сьпявалi, i кожны раз дзiвiўся, якая высокая гармонiя жыла ў цудоўным будынку памiж музыкаю i жывапiсам, скульптурай, дойлiдствам. Нiбыта сам Алiмп з багамi Семiрадскага яе ствараў, ахоўваў. Там, у львоўскай оперы, Гаўрыла глыбей адчуў сакрэты захопленасьцi Мiкелянджэла ўсiмi абсягамi i вiдамi мастацтваў, ды не аднаго Мiкелянджэла, усёй эпохi Адраджэньня, дзе таленты i генii жылi ня ў нейкiм адным, сваiм мастацтве — ва ўсiх сумежжах.
Опера шчодра аддзячыла за тую да яе любоў.
Аднойчы ў Львоў прыехаў Лiсiцыян — сьпяваў у оперы Вердзi “Травiята”. Гаўрыла прыйшоў з дзяўчынай, i там сустрэўся з сябрам, якi таксама быў з сяброўкай.
З тэатра выйшлi ўсе разам.
На плошчы перад операй стаяў утульны шынок, i яны завiталi, селi за столiк. Было паўзмрочна, iграў аркестрык — скрыпка, вiяланчэль, раяль. Нехта заказаў паланез Агiнскага “Разьвiтаньне з радзiмай”. Заварушылася ў сэрцы настальгiя — Палесьсе так далёка. А тут дзяўчына сябра прызналася, што беларуска, з Капыля. I ўжо ён ад яе ня мог вачэй адвесьцi. Бачыў i чуў яе адну.
Дзяўчына, з якой прыйшоў, устала з-за столiка i выйшла з шынка. Сябра падхапiўся, каб вярнуць. Але абое не вярнулiся.
Гаўрыла з Мацiльдаю засталiся ўдваiх. На ўвесь той вечар i на ўсё жыцьцё.
Высокi аўтарытэт еўрапейскага жывапiсу ў iнстытуце падтрымлiваў не адзiн Бакшай. Большасьць прафесуры выйшла з заходнееўрапейскай мастацкай школы. Быў Раман Юлiянавiч Сельскi, выглядам — Бакшаю процiлегласьць. Суперiнтэлiгент, педант, хударлявы i доўгi, два метры ў вышыню, ён скончыў Мюнхенскую мастацкую акадэмiю, вучыўся ў Рыме, у Парыжы, шмат езьдзiў па Еўропе, ведаў багацьцi ўсiх мастацкiх музеяў, архiтэктуру шмат якiх краiнаў, стыляў, напрамкаў, новую i антычную, эпоху Адраджэньня. Выкладаў кампазiцыю i працу ў матэрыяле — сграфiто, фрэску, мазаiку, вiтраж, — i цi ня ўсе студэнты, якiя праходзiлi праз яго майстэрню, рабiлiся выдатнымi майстрамi фрэскi, вiтражу, мазаiкi. Iншыя прафесары прайшлi праз мастацкiя акадэмii ў Рыме, Вене, Варшаве. Яны адкрывалi перад студэнтамi ўсе вокны i дзьверы да мастацкiх шэдэўраў Еўропы, не зьвяртаючы ўвагi нi на якiя iдэалагiчныя пастановы i забароны. Як можна было не пускаць моладзь да карыфеяў эпохi Адраджэньня цi iмпрэсiянiстаў, калi выкладчыкi самi выхоўвалiся на iх мастацтве? Ды i атмасфера Львову гэтаму спрыяла: багатая архiтэктура з цудоўнымi ўзорамi готыкi i барока, бiблiятэчныя фонды, сабраныя яшчэ ў часы Аўстра-Венгерскай iмперыi, нацыянальная годнасьць людзей. Гаўрыла меў магчымасьць працаваць у найбагацейшай мастацкай бiблiятэцы Акадэмii навук Украiны, там захапiўся жывапiсам Iспанii ды Iталii — Веласкесам, Эль-Грэка, Леанарда да Вiнчы, Тыцыянам, Мiкелянджэла. Апошняга абагаўляў. Здавалася, любога генiя павiнна было б вычарпаць зробленае Мiкелянджэла ў скульптуры, узяць з яго ўсё, душу i цела, а тут адкрываўся яшчэ i жывапiс мастака, якому ў ахвяру таксама мог быць толькi генiй, а яшчэ — дойлiдства, а яшчэ ня меншае зьдзiўленьне — паэзiя, дзе што нi вобраз — глыба, нiбы з таго, што ў скульптуры, гранiту: “Я атрымаў за працу зоб — хваробу, А падба родкам урэзаўся ў вантробу. Грудзi — як у гарпiй, чэрап мой — вурода, Палез да горба, дыбам — барада. А з пэндзля мне на твар цячэ бурда, Абгортвае ўсяго, нiбы ануча — цела гроба”.