Читать «Дваццаць хвілін з Немезідай» онлайн - страница 6
Вольга Іпатава
Няўжо ён усё разлічыў, перш чым падысці да мяне на студыі тэлебачання, там, на Шабалаўцы, у Маскве? Марыя мне гаварыла пасля, што ў яе ён наводзіў даведкі і пачаў так: «Хто тая шыкоўная дзяўчына ў куце, якая не падымае вачэй на прысутных, а трэцюю гадзіну запар сядзіць над лістом паперы і толькі глядзіць на яго?» Марыя — з тых добрых душ, якія не робяць сакрэтаў з таямніц сваіх бліжніх ні для каго, і таму яна аказала давер навічку-стажору: за пяць хвілін пераказала ўсе асноўныя этапы майго жыцця, і першае, з чаго яна, канешне ж, пачала, быў рамантычны флёр: «У яе тры гады таму назад разбіўся жаніх».
Тры гады вернасці загінуўшаму жаніху — гэта, канешне, аргумент, які ў тыя гады надаваў мне залатое ззянне німбу над галавой. Дый мамачка не давала мне ісці на дно: яна пільна сачыла, каб я не выйшла з дому ў адной камбінацыі або не выпіла замест вады стакан воцатнай эсенцыі. Яна апранала мяне ў такое ж шыкоўнае шмаццё, што і раней, да яе замежнай паездкі, у час якой ад усяго гардэробу засталася толькі спадніца і кофтачка, што былі на мне, і то толькі таму, што без іх мяне не пусцілі б.
Мамачка прыехала ўжо тады, калі ад Юркі застаўся толькі попел — жменька попелу, якую выдалі ў простай драўлянай шкатулцы ягонай цётцы. На адваротным баку шкатулкі быў прылеплены нумар і прозвішча, і калі я ўзяла яе ў рукі, ледзь не выпусціла — каробка пахла тым самым канцэлярскім клеем, якім пахла Юркава рука са смешным пярсцёнкам там, у кафэ «Нерынга», калі я так хацела пацалаваць і руку, і пярсцёнак, ды пасаромелася таго жадання… На абшарпанай зялёнай лавачцы, дзе мы селі ўдзвюх з цёткай і куды яна асцярожна паставіла шкатулку (адчувалася, што яна не ведае, як трымаць яе і што з ёй рабіць), я сказала, засмяяўшыся: «А можа, варта развеяць попел па ветры, таму што яшчэ невядома, ці ягоны гэта попел, гэтая жменька?!» Цётка, жахнуўшыся, уставілася на мяне пачырванелымі старэчымі вачыма, а са мной тварылася нешта дзікае: несліся, круціліся ў свядомасці дзень за днём, хвіліна за хвілінай, і кожная з іх крычала і папракала мяне нясказаным добрым словам, асцярожнасцю, бояззю… Вось Хіва — прапаленая сонцам гліна мячэці, і востры пах райхану, і прахалода блакітных узорных кафляў, — а мы з Юркам спрачаемся.
— У нас жа білеты на заўтра. Яшчэ трэба дабірацца да Ташкента!
— Паспеем, гэта я табе кажу! Няўжо ты мне не верыш? Як жа мы паедзем дадому без Самарканда? Я дам тэлеграму… цётцы!
— Мы і так яе абабралі! (Голас у мяне робіцца нейкім істэрычным, дзяўчаты, што праходзяць міма гаманлівай чародкай, змаўкаюць і косяцца ў наш бок.) Паспеем яшчэ ў Самарканд! За жыццё яшчэ сто разоў там будзем! І дзе мы возьмем трыццаць рублёў на білеты?!
У Юркі перайначваецца твар, ён хітры і даверлівы. Ён выхоплівае з сумкі адзінае, што там знаходзіцца, апроч тэрмаса: новенькую махеравую кофту, крык моды, якім толькі што азвалася з-за мяжы мама (дзевяноста рублёў), і ўжо бяжыць з ёю за дзяўчатамі: