Читать «Дваццаць хвілін з Немезідай» онлайн - страница 14

Вольга Іпатава

Але ў чым я вінаватая, у чым?! Крык — «за што?» — гэта сляпы, атавістычны крык, які чалавек кідае ночы і цьмянаму жаху, які гняздзіцца ў ягонай крыві. Заўсёды ёсць — «за што?». Заўсёды за віной ідзе расплата.

Мае мілыя, утульныя, нявінныя іпастасі — добрай жонкі, дабрачыннай маці, прыстойнай жанчыны, — чаму вы знікаеце ад мяне з такой маланкавай хуткасцю і вашы бляклыя абрысы здалёку глядзяць на мяне дакорліва і крыўдліва, як пакінутыя дзеці? Вы адступаеце перад магутнай хадой — чаго? Вочы, вочы сочаць за мной адусюль: вочы маёй дарагой мамачкі, вочы Антаніны Дзмітрыеўны, а самае галоўнае — блішчаць у белай цемры першага снегападу Юркавы зрэнкі.

— «Стэла, не рабіся драпежніцай!» Ты што ж, прарокам быў, Юраська, га? Таму што драпежніца — не абавязкова тая, што рве мяса на бліжнім. Драпежніца — яшчэ і тая, якая дазваляе гэта рабіць, якая жыве за кошт таго, чужога мяса — няхай сабе ёй прыносяць мяса на прыгожай талерцы…

Калі Юркава смерць была ягонай расплатай за тое, што жыў ён згодна са сваім сэрцам — як я ўжо казала, жыў па-каралеўску — бо Ікар сам сабе дазволіў узляцець, і ўзляцеў, і бачыў сонца зблізку, а такое могуць дазволіць сабе нямногія… то другі раз падыходзіць да мяне расплата. За што? За тое, што я не магу ўзляцець да сонца?

Не, я няздольная на подзвігі — я не з тых, каму ляцець да сонца…

Але ёсць жа ў кожнага свая вышыня — ці ўзнімалася я на яе? Ці спрабавала падняцца?

Не помню.

Здаецца, не спрабавала.

Калісьці ў інстытуце я здавала залік па антычнаму мастацтву. Трапілася мне тады, як цяпер помню, Немезіда — багіня пакарання. О, як яна карала смельчакоў, якія спрабавалі змагацца з рокам! Праметэй, Сізіф, які спрабаваў перахітрыць смерць, шчаслівец лёсу — Палікрат… А Крэз? А брат Сізіфа Салманей, які хацеў быць богам?

Ці не караеш ты, Немезіда, таксама і тых, хто не захацеў быць богам?!

Ішла па лесе, па лесе цёмным і спакойным, як балота, — і ўперадзе зачырванелася полымя, такое гарачае і зыркае, што здалёку апякала гарачыня.

Юрка быў тым полымем — цяпер разумею.

Нашто дадзены агромністы, магутны свет, і кожны дзень у ім — як раскошны, казачны падарунак, якім мы не ўмеем, не можам распарадзіцца, і баімся падарунка, і хаваемся ад яго, і не хочам апякаць сабе крылы!

…Як позна ты прыязджаеш, таксі, так позна, каб засталося толькі зразумець, што ўсё ранейшае, наладжанае і спакуслівае для іншых, ляціць, узрываючыся, ва ўсе бакі, як, кажуць, ляціць ва ўсе бакі наш Сусвет, глытаючы шалёныя кіламетры!

…А можа, і не ляціць? Колькі я чакала цябе, таксі? Няўжо ўсяго толькі дваццаць хвілін? Сапраўды, дваццаць. Ажно не верыцца, здаецца, прайшла вечнасць!

Але ж не кожнаму ўдаецца, нават за ўсё сваё жыццё, сам-насам пабыць хаця дваццаць хвілін з Немезідай!

1980