Читать «Дваццаць хвілін з Немезідай» онлайн - страница 5

Вольга Іпатава

…Божа мой, пра што я гавару, пра што думаю, калі мой муж ляжыць у непрытомнасці, і невядома, што з ім такое, і невядома, ці прыйдзе гэтая калымага, ці бегчы на вуліцу і кідацца пад першую ж машыну, бо не надта яны цяпер спыняюцца, гэтыя прыватныя машыны, хаця б ты памірала тут жа, на вуліцы. Асабліва цяпер, познім вечарам. Добры вечар, суседзі! Не, вам падалося. Проста чакаю таксі…

Сняжынкі плавяцца, падаючы на шчокі. Снегапад, які ён белы і святочны ў іскрыстым святле ліхтароў! Прырода святкуе нейкае сваё свята, і справы няма ёй да нашых радасцей і нягод. Ёсць жа шчаслівыя людзі, якія знаходзяць сябе ў еднасці з ёю! Я — дзіця горада, і мне, магчыма, ніколі не адчуць сябе сам-насам з навакольным, я губляюся, калі не адчуваю вакол выратавальнай цеснаты, а калі я аднойчы апынулася ў полі адна, то ледзь не памерла ад страху. Можа, таму помсціць нам прырода: нашы мускулы сталі нягоднымі, мы развучыліся нармальна раджаць і, каб не дактары… Што да мяне, то я часамі зайздрошчу вольнай, імклівай жаночай паходцы, не сцесненай высачэзнымі абцасамі — так рэдка бачыш яе цяпер! Мая Яўсціся бярэ з мяне прыклад: яна ўжо цікавіцца маркамі духоў і дзеяннем «Ландатону» і перанімае сакрэты жаночай абаяльнасці… Іменна такія «сакрэты» і робяць мяне такой удалай парай (на думку нашых сяброў) гэткаму чалавеку, як Сяргей…

Першыя гады знаёмыя дамы ўсё распытвалі, чым трымаю Сяргея: не піток, па жанчынах не хадок, і іншае, і іншае… Мужчыны ж меркавалі, што ведаюць, у чым сакрэт: «Ды вы на яе самую паглядзіце! Трэба быць дурнем, каб бегаць ад такой жанчыны!» Але ісціна, мне здаецца, была ў іншым: Сяргей ішоў угору, ішоў імкліва і настойліва, і дзеля гэтага «ўгору» ахвяраваў бы ўсімі жанчынамі свету… Мною ахвяроўваць было не трэба: я была якраз той самы «антураж», які адзіна і мог падысці прыстойнаму (проста да жаху прыстойнаму, я б сказала) ягонаму сямейнаму жыццю.