Читать «Дваццаць хвілін з Немезідай» онлайн - страница 4
Вольга Іпатава
Тады мы першы раз апынуліся без грошай, я жахалася з Юркавага легкадумства і шкадавала, што ўцягнулася ў яго авантуры (мама прывучала мяне строга разлічваць кожны рубель, выціскаць з яго ўсе, што можна), і таму я капрызіла, хаця ўжо ведала: пацягні мяне зараз гэты авантурыст у пекла — пайду і, седзячы ў смаляным катле, буду шчаслівая, калі з суседняга варыва будзе выглядаць ягоная кучаравая галава! Хаця, я думаю, Юрка і там бы спакусіў якога-небудзь наглядчыка, так што ўрэшце яны рэзаліся б у карты, а я, «па блату», ціхутка вымятала б з памяшкання смецце або гатавала для іх вячэру. Я адкінула ягоную руку:
— Ты хочаш, каб я кінула інстытут? Мама мяне пракляне, і цябе ў першую чаргу. Мне засталося паўтара года, калі, канешне, ты мне не дапаможаш вылецець.
Я ведала, што, калі я пачну яшчэ і прапускаць заняткі, мне не дапамогуць ніякія заступнікі, хаця па ўсіх «нятворчых» прадметах у мяне былі пяцёркі. Праўда, апошнія мае артыкулы пахвальвалі на семінарах, але курс, відаць, падазраваў, што тут не абышлося без гэтага агульнага любімчыка, без будучага свяцілы кіно, які ў гэты момант, схіліўшыся нада мною, як квактуха над куранём, як ні ў чым не бывала разгладжваў мой лоб сваёй кашчавай рукой з чорнымі пазногцямі, стараючыся, каб сіні зашмальцаваны рукаў яго джынсавай курткі не засланяў вочы. На ўказальным пальцы яго была смешная янтарная жуковіна, такі псеўдазалаты пярсцёнак, які быў цесны нават для ягонага кашчэевага пальца, і зараз ён стараўся не закрануць мяне пальцам. Ад рукі моцна пахла табаком і крышку — канцылярскім клеем (мы прыйшлі з паштамта), і мне страшэнна хацелася дакрануцца да яе вуснамі, але я саромелася і, па-другое, не жадала паказаць Юрку, наколькі ён дарагі для мяне. (Навошта баялася? Ці не з-за такой недарэчнай боязі мы атрымліваем на гэтай зямлі не ўсё цяпло і дабрыню, якія нам наканаваны, ці не з-за яе пазбаўляем адно аднаго лепшага, што адпушчана ў жыцці чалавеку?) Прынамсі, я пазбавіла, таму што ён ніколі не баяўся паказацца смешным, не ўмеў разлічыць усё наперад, каб не прагадаць пасля. З самай першай нашай сустрэчы і да свайго апошняга імгнення ён быў самім сабой, такім, якім яму хацелася быць; рабіў тое, што казала яму сэрца… ці не таму жыццё адпусціла яму так мала часу, што такія каралеўскія падарункі нікому не даюцца дарма — а ў Юркі яшчэ быў і талент, вялікі, пагрозлівы талент неймавернага ўздзеяння на чалавечую душу, які даецца толькі мастацтву? Таму, відаць, любому мастаку, акцёру, пісьменніку зайздросцяць куды болей, чым палітыку або філосафу: палітыка і філасофія маюць уплыў на абмежаваную колькасць разумаў, магчымасці ж мастацтва неабмежаваныя. Дзе б я ні слухала Юрку — у рабочых, на студэнцкім вечары ці на вечарынцы — я адчувала — наноў, — як разам з прысутнымі мяне ўздымае агромністая хваля, і пачынае не хапаць паветра, і глыбіні чалавечага духу адкрываюцца перада мною так шырока і неабдымна, як адчыняліся яны перад самімі творцамі… Юрка любіў Шэкспіра і Пушкіна, Дантэ і Гётэ — я дзівілася падчас, адкуль у яго, учарашняга сельскага культработніка, такое — не, не скажу «захапленне», таму што то было не захапленне, нават не любоў — зноў — банальныя, бяссільныя словы! — не, то было пакутлівае зліццё, падобнае неразрыўнай сувязі геніяльнай музыкі і арганіста са сваім інструментам. Юрка і быў такім інструментам, такім арганістам, арганам, я б сказала, калі б не баялася ўпасці ў красамоўства, сусветнай гармоніі прыроды. Я не надта разбіраюся ў мастацтве, хаця, як-ніяк, пяць гадоў была неяк саўдзельная з ім, і таму думаю, што талент — гэта нібы нейкае акенца, праз якое прырода дыктуе нам свае таямніцы і адкрыцці. Прырода… або нейкая іншая, магутная, пакуль што не вядомая нам, сіла. Ну, няўжо не яна вадзіла рукой семнаццацігадовай Надзі Рушавай, калі дзяўчынка рабіла ілюстрацыі да «Майстра і Маргарыты» Булгакава, ілюстрацыі, ад якіх мароз прабягае па скуры і патрэскваюць валасы? Або, калі ўсё вырашае толькі праца, адкуль у другой Надзі, балерыны Паўлавай, у шаснаццаць гэтая неверагодная пластыка цела? Не, не! Смейцеся нада мною, але гэта яна, прырода, дражніць нас, смяротных людзей, бессмяротнай дасканаласцю сваіх тварэнняў…