Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 40
Юры Станкевіч
— У прамым. Распуства пачынаецца. Не прымеш меры адразу, не выселіш адну-другую на вуліцу — чорт ведае што будзе. Некаторыя здаюць дакументы, а потым паводзяць сябе як хочуць. Ведаюць жа, што ўсё роўна не паступяць. Бывае, што студэнты і студэнткі таксама паводзяць сябе не вельмі…
У нас тут гады два таму хлопцаў з Захаду падсялілі. Дык дзяўчаты — за імі. Адна, як памятаю, з шэсцьдзясят шостага кутняга пакоя на трэцім паверсе, дык адразу, як мне далажылі, дваіх прывяла: у мяне, кажа, дзень нараджэння — дык запрашу я парачку чужых. І што ёй зробіш?
Студэнт Ігнат Мазур не стаў далей слухаць, а прыадчыніў дзверы і папрасіў у каменданта Грука ключ ад душавой.
— Вазьмі, — сказаў камендант інтэрната Грук, даючы ключ, — вернеш праз гадзіну.
Праз паўгадзіны студэнт Ігнат Мазур замкнуў душавую і панёс ключ у каменданцкую. Камендант інтэрната Грук, забіраючы ключ, спытаў:
— Ты чаму не пры справах?
— Адпусцілі са збораў. На два дні.
— Ну, служы. Я вось дваццаць пяць год, лічы, форму не здымаў. (Мазур ведаў, што да гэтага Грук служыў у міліцыі.) Вам што? Прысвояць лейтэнантаў і раз у пяць год на вучэбныя зборы. А я…
— Паслухайце, — перавёў гутарку на іншае Ігнат Мазур. — Вы тут, я краем вуха пачуў, пра студэнтку з шэсцьдзясят шостага пакоя ўспомнілі, тую, што з чужымі дзень народзінаў спраўляла. А як яе звалі? Яна і цяпер тут жыве?
Паўза.
Камендант Мікола Грук пакрывіў вусны ў незразумелай усмешцы.
— Ты, Мазур — так здаецца тваё прозвішча, — зашмат хочаш ведаць. А гэта не на дабро. Задумвацца пачнеш. Захварэеш. Дзяўчына тая нядаўна сышла на прыватную кватэру. Сама не з мясцовых. Ці то з Рыгі, ці то з Таліна. А ў цябе які ўвогуле інтарэс?
— Ды ніякага.
Студэнт Ігнат Мазур зманіў. Яго падсвядомасць падавала ўжо яўны сігнал небяспекі, які пагрозліва разрастаўся ў чорную, дэпрэсіўную і атрутную расліну.
Ён пакінуў каменданта Міколу Грука, вярнуўся ў свой пакой, старанна апрануўся, рукі ў яго чамусьці пахаладзелі, і праз вахту выйшаў на вуліцу.
* * *
Гаспадыня кватэры, дзе здымала пакойчык студэнтка Святлана Конкіна, сустрэла яго даволі ветліва. Але ветлівасць была робленай — жанчыну выдавалі вочы.
— Святланы пакуль няма, — сказала яна. — Пачакаеце, дык я вам гарбаты налью.
— Не турбуйцеся, — адмовіўся Ігнат Мазур. — Я, можа, пасля зайду.
— Ды хіба што ёй перадаць? — упарта цікавілася гаспадыня.
— Дзякую. Нічога.
Студэнт Ігнат Мазур выйшаў з кватэры. У яго чамусьці з’явілася адчуванне, што гаспадыня нешта падазрае: магчыма, нават чула, як ён колькі дзён таму залазіў у кватэру праз акно.
Лаўка ў двары насупраць пад’езда была не занятая, ён прысеў на яе і запаліў цыгарэту.
У галаве было пуста, чыста і светла, толькі ў грудзях нарасталі трывога і злёгку ванітавала ад тытуню, і ён пашкадаваў, што дасюль не набыў у краме бутэльку віна.
Постаць дзяўчыны і яе дзіўнаватую хаду ён пазнаў здалёк. Як заўсёды, някідка апранутая — чорная спадніца, белая кашуля, вятроўка, — дзяўчына, блізарука прыжмурыўшыся, ішла да свайго часовага жытла.
Студэнт Ігнат Мазур падняўся з лаўкі, зрабіў некалькі крокаў ёй насустрач і паклікаў.