Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 38
Юры Станкевіч
— Застрэлю! — закрычаў ён у робленай істэрыцы. Але яго ўжо перахапілі ўзводны Дзямідчык, Іосіф Зялёнка, яшчэ нехта, пасадзілі зноў за стол, прынеслі вады ў конаўцы, далі насоўку.
— Начальніку збораў. Сёння ж! Дакладную! Вылеціш з універа! — пагражаў Анціпаў.
Але Ігнат Мазур ужо не слухаў таго. Успышка злосці раптоўна прайшла.
Яшчэ праз некалькі хвілін лейтэнант Дзямідчык пашыхтаваў узвод, адхіліў шараговых Анціпава і Мазура ад каравула і сваёй уладай дадаў апошняму два пазачарговыя нарады.
* * *
Вецер апоўначы прынёс дажджы і ноччу яшчэ больш пахаладала. Пазачарговыя нарады давялося адпрацоўваць на кухні, дзе студэнт Ігнат Мазур, якога падымалі яшчэ з цемнатой, разам з іншымі парушальнікамі чысціў бульбу. Пра сутычку ў каравуле не ўспаміналі. Але цішыня гэтая, як ён разумеў, была падманлівая.
Яшчэ праз дзень на палігоне вучыліся кідаць баявыя супрацьпяхотныя гранаты. У спецыяльна выкапаны акоп спускаліся па чарзе ўдваіх разам з узводным. Астатнія хаваліся ў ляску за прыкрыццём. Лейтэнант Андрэй Дзямідчык ставіў задачу: выхапіць з гранаты чаку, саму гранату кінуць далей за бруствер, прыгнуцца, перачакаць выбух і потым з крыкам «ура!» выскачыць наверх. Напэўна, у імітаваную атаку.
Ігнат Мазур трапіў у акоп адным з апошніх, разам з Міхасём Байковым. Ад недасыпу ён ужо адчуваў не простую стомленасць, а даволі моцнае нервовае ўзрушэнне. Уціснуўшыся ў кут, ён назіраў, як узводны Дзямідчык выдаў Байкову гранату, яшчэ раз праінструктаваў таго і загадаў кідаць.
Міхась Байкоў з дурнаватай усмешкай на твары выхапіў чаку і павярнуўся да ўзводнага.
— Што? — спытаў ён. — Кідаць?
— Кідай! — крыкнуў яму лейтэнант Дзямідчык.
— Га? — зноў спытаў Байкоў і… кінуў гранату на дно акопа пад ногі сабе, узводнаму і Мазуру…
Студэнт Ігнат Мазур потым не раз успамінаў тыя секунды, што заставаліся да выбуху, гранату, якая імкліва падкацілася да яго: яна яшчэ варушылася ля ног, але ён хіба што на інстынкце самазахавання схапіў яе і кінуў за бруствер.
— Лажыся! — адразу ўдарыў па вушах дзікі крык узводнага, які ўжо абрынуў долу Байкова, і ўсе трое ўпалі на дно акопа — зверху адразу пачуўся выбух, зямля страсянулася, віскнулі над галовамі асколкі.
Праз паўхвіліны збялелы лейтэнант Дзямідчык прыціснуў Міхася Байкова да сцяны, паставіў побач Ігната Мазура. Заікаючыся, сказаў:
— Нічога такога не было. Нікому ні слова. Зразумелі? Цяпер ты, — звярнуўся ён да Байкова, — ідзі да астатніх, толькі вось спачатку яму, — кіўнуў на Мазура, — рукі пацалуй, бо яшчэ б секунда, і нам усім траім, а табе першаму — быў бы канец.
А як засталіся ў акопе ўдвух з Мазурам, дадаў:
— Ну, выручыў, брат. Ведай цяпер, я ўсё, што змагу — зраблю для цябе. Толькі, каб да ротнага не дайшло. Тады пачнецца…
Паўза.
Ва ўзводнага Дзямідчыка, які прыпальваў цыгарэту, трэсліся рукі. Ігнат Мазур таксама запаліў.
— Таварыш лейтэнант, — пачаў ён, — калі так, мне б хоць на суткі ў Мінск. Вельмі трэба.