Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 42

Юры Станкевіч

Студэнтка Святлана Конкіна спынілася, адкінула з ілба пасмачку валасоў, папрасіла:

— Дай пару раз зацягнуцца. Ды не прыпальвай цэлую. Мы ж з табой і так, як родныя.

— Мне праз дзень трэба вяртацца ў вайсковую часць, — сказаў Ігнат Мазур. — Я і прыехаў сюды толькі каб цябе пабачыць.

Паўза.

— Ну, вось і пабачыліся. А я зараз разлічваюся з гаспадыняй, пакуюся і — заўтра з’язджаю.

— Куды?

— У Талін, вядома. Уладкуюся на працу. Магчыма, кватэру здыму. І ўсё такое. Цябе, дарэчы, па размеркаванні далёка прызначылі?

— На выбар. У адзін з абласных цэнтраў. Але гэта пасля збораў.

— Урэшце, цяпер гэта твае праблемы.

— Ну, не можаш жа ты ўзяць вось так і — з’ехаць, — зноў вырвалася ў Ігната Мазура.

Святлана Конкіна зацягнулася ў апошні раз.

— Запраста. Як гэты недапалак, — сказала яна і выкінула яго ў сметніцу. — Хоць мне ні з кім так добра не было, як з табой, Ігнат. Пэўна, сапраўды ў нас вірусы аднолькавага штама.

Студэнт Ігнат Мазур праглынуў камяк у горле, адчуў, як зноў халадзеюць рукі. Сказаў:

— Застанься. Адслужу гэтыя два тыдні і ўсё вырашым.

— Ты бедны студэнт. І я не з багатых. І ты — раўнівец. Так і будзем існаваць утраіх? У сэнсе — ты, я і тэлегонія?

Паўза.

Студэнт Ігнат Мазур абняў дзяўчыну, уткнуўся тварам у яе цёплую шыю, удыхнуў пах яе валос. Тая нейкі час сядзела моўчкі, а потым рашуча ўстала.

— Давай так, Ігнат. Вырашым усё да раніцы. Я падумаю і ты таксама. Сустрэнемся. Калі аднаго з нас не будзе, то, сам разумееш. І не трэба тады лішніх слоў. А цяпер — бывай.

— І ты бывай, Света.

* * *

Рэстаран быў запоўнены прыкладна напалавіну, але наведвальнікаў паступова прыбывала. Студэнт Ігнат Мазур замовіў гарэлкі і не вельмі багата з закускі — грошай значна паменела. Афіцыянтка прынесла гарэлку і напрыканцы падсадзіла яму за столік двух афіцэраў. Адзін з іх быў у званні маёра, другі — капітан. Ігнат Мазур выпіў адразу ледзь не шклянку, і мяккая хваля алкаголю ахінула падсвядомасць, адразу амаль незаўважна, быццам спала напружанне апошніх дзён, але думкі раз за разам вярталі яго да ўсяго таго ж надакучлівага пытання: што рабіць? Бо, меркаваў ён, жыццё нясе яму яўную паразу, і ён праваліўся ў ім, як правальваецца футбольны абаронца, які рызыкоўна пакінуў сваю зону і далей можа толькі тупа назіраць у адчаі, як на браму непазбежна насоўваецца небяспека.

Афіцэры гаварылі мала, ён улавіў толькі, што пра Чэхаславакію. Далей, з аднаго боку ад яго, за столікам сядзелі дзве маладыя пары. Яны пілі віно і пэўна гаварылі нешта смешнае, бо часта хіхікалі. Затое з іншага боку ён са здзіўленнем пачуў замежную гаворку: праз столік трое немаладых мужчын з абветранымі загарэлымі тварамі пілі віно і нешта даволі ажыўлена абмяркоўвалі паміж сабой.

Праз некалькі хвілін іх гаворку пачулі і афіцэры за яго сталом, азірнуліся некалькі разоў і адзін з іх — капітан, сказаў:

— Чэхі.

— Славакі, — паправіў яго маёр.

— Дальнабойшчыкі, — зноў выказаў здагадку капітан. — Возяць усё Еўропе. Вось і сюды іх занесла.