Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 35
Юры Станкевіч
Але студэнт Ігнат Мазур ведаў, што ўсё гэта — паказная бадзёрасць і штучны аптымізм, бо ў жыцці маці нічога вартага ўжо не можа быць. Дый якое жыццё было ў яе раней? Адна бачнасць. А зараз? Работа, сон, зноў работа. Якая лішняя, а па сутнасці ад сябе адарваная частка грошай — дык усё яму.
Зайшоў Ігнат Мазур і ў рэдакцыю аб’яднанай газеты «Камуністычны шлях», куды занёс пару кароткіх артыкулаў. Адзін — на экалагічную тэму, другі — на спартыўную. Да артыкулаў спачатку паставіліся з недаверам, пасля надрукавалі, але ганарар быў капеечны, а атмасфера ў рэдакцыі яму не спадабалася сваёй амярцвеласцю. Большасць супрацоўнікаў не мела спецыяльнай адукацыі, кіраваў газетай былы міліцыянер, які невядомым чынам скончыў нейкія парткурсы. Таксама не журналіст.
Таго, што зарабіў Ігнат Мазур, было зусім мала, каб ехаць у сталіцу ўпэўненым у сабе. Таму, паапытаўшы дасведчаных людзей у мясцовым нумізматычным клубе, выйшаў на заможнага калекцыянера, які купіў у яго адну з манет. Укормлены, дагледжаны, з пафарбаванымі ў чорны колер валасамі і штучнымі, ненатуральна белымі зубамі, калекцыянер выглядаў даволі карыкатурна, але ў асяродку суседзяў і многіх гараджан лічыўся чалавекам, «які ўмее жыць». Асноўным яго заняткам было распісванне помнікаў партрэтамі нябожчыкаў — так званымі «медальёнамі».
Манета — сярэбраны «ОРТ» Яна Казіміра часоў Рэчы Паспалітай — пацягнула прыкладна на паўгадавую зарплату інжынера — урэшце Ігнат Мазур ведаў, што яна каштуе ўдвая больш. Але таргавацца не выпадала. У яго яшчэ заставаўся таксама сярэбраны саксонскі талер, які меркаваў больш выгадна прадаць у сталіцы.
Некалькі разоў за гэты час ён спыняў спадарожную і звычайна праз гадзіну ўжо быў у Мінску. Святлана Конкіна сустракала Ігната з ціхай радасцю, якую кожны раз імкнулася маскіраваць разняволенымі жартамі, але аднойчы ён выпадкова ўбачыў, як яна са шчаслівай, нейкай бездапаможнай усмешкай прыціснула да твару яго кашулю.
Гаспадыня кватэры амаль не вылазіла з лецішча, часта заставалася там нанач, і ім было вольна і добра ўдваіх. Студэнт Ігнат Мазур зноў быў «пры грашах», купіў сабе недарагі новы касцюм, дзяўчыне падарыў берэт і шалік. Аднойчы нават павячэраў з ёй у бліжэйшым рэстаране пры гасцініцы «Планета».
* * *
На вайсковыя зборы трапілі не ўсе з аднакурснікаў Ігната Мазура, якія разам з ім займаліся на кафедры. У некаторых з іх раптам выявіліся хваробы, адпаведныя заключэнні медыкаў былі прадстаўлены, і яны засталіся хто ў сябе дома, а хто ў інтэрнаце. Студэнт Ваня Гужын таксама не з’явіўся на зборы, бо прынёс даведку, што ў яго звыклы вывіх пляча і здаўна пашкоджана плечавая сумка.
Зборы праходзілі ў адной вайсковай часці ў летнім лагеры. Студэнтаў пераапранулі, размеркавалі па ротах і ўзводах: у журфакаўцаў была свая рота, у юрыстаў — свая, у філфакаўцаў і іншых — таксама свае. Камандзірамі рот, узводаў з’яўляліся кадравыя афіцэры.