Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 34

Юры Станкевіч

— Хадзі сюды, Ваня, — нечакана для Гужына, крануў яго за рукаў Мазур.

— Куды гэта — сюды? — па-дурному спытаў Ваня Гужын, напэўна яшчэ нічога не разумеючы, але пайшоў за Мазурам.

Яны спусціліся ўніз, пад лесвіцу.

— Ну, ты што, Ігнат? Якая праблема? — спытаў Ваня Гужын, мабыць, прадчуваючы нядобрае.

— Дзяўчыну ручкамі сваімі белымі не кранай, а то я табе пальцы на іх у іншы бок павыкручваю, — ужо не валодаў сабой Ігнат Мазур.

Паўза.

Некалькі секунд Ваня Гужын няўцямна глядзеў на яго, а потым сплюнуў у бок.

— Ды пайшоў ты.

Замест адказу студэнт Ігнат Мазур, амаль не замахваючыся, левым бакавым стукнуў таму ў твар. Ваню Гужына адкінула да сцяны, з разбітых вуснаў пацякла кроў. Але неўзабаве ён падхапіўся, толькі ў бойку не палез, а пакратаў рот, прасіпеў:

— Ты мне зуб выбіў, хістаецца. А вось гэтага я табе не дарую. Зараз жа напішу заяву ў міліцыю і здыму пабоі. Дарожку да дыплома я табе перакрыжую.

Да іх ужо збегліся аднакурснікі. Падышлі і дзяўчаты.

— Ды ты мужык ці баба? — раптам сказала Юля Маракова, якая прыйшла сюды ці не адной з першых і стала паміж хлопцамі, дадала: — З-за нейкай лухты ў міліцыю? Цябе, Ваня, можа ў дзяцінстве з падваконня скінулі галоўкай уніз? Трымайце яго, дзяўчаты! Няхай памірацца!

Мірыцца Ваня Гужын не пажадаў, але і бегчы ў міліцыю пад націскам дзяўчат пасаромеўся. На тым усё быццам і скончылася, але студэнт Ігнат Мазур адчуў, што вельмі стаміўся. Нервы яго былі напяты, ім нечакана авалодала туга — ён разумеў, што ў яго жыцці часам менш стане людзей.

* * *

Між тым наблізіліся вакацыі, а на вакацыях студэнт Ігнат Мазур заўсёды стараўся зарабіць хоць якія грошы.

На адным з невялікіх прамысловых заводзікаў па вытворчасці бытавой тэхнікі яго ўзялі на кароткачасовую працу грузчыкам-экспедытарам. Удвух з вадзіцелем — рахманым дзядзькам сталага веку — яны з тыдзень ездзілі па гарадах і пасёлках рэспублікі. Заадно Ігнат Мазур навучыўся вадзіць машыну, на трасе, калі было свабодна, сядаў за руль — дзядзька ахвотна давяраў яму і, нібы інструктар, тлумачыў правілы дарожнага руху і расказваў пра тэхнічныя тонкасці ў рабоце матора.

Маці ўсяляк старалася дагадзіць сыну. Ужо ўся сівая, схудалая за апошні час, нешматслоўная — яна рыхтавала сыну ежу, мыла яго кашулі, старанна іх прасавала.

— І куды цябе размяркуюць? — асцярожна і быццам раўнадушна спытала неяк яна, але ён ведаў, што гэта вельмі непакоіць яе, хоць яна таго і не паказвае.

— Пакуль нявызначана, — адказаў ён.

— Ты за мяне не хвалюйся, яшчэ і адна спраўляюся, — сказала яна, нібы просячы прабачэння за нешта. — Паедзеш куды пашлюць, інакш нельга, сам ведаеш. — І перавяла ўсё на жарт: — А то, можа, і мне «чоловік» які тут знойдзецца — дык выйду замуж.