Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 33

Юры Станкевіч

Яны дапілі віно.

— А ўвогуле — жыццё нікчэмная рэч, — раптам сказала студэнтка Святлана Конкіна, мабыць, думаючы пра нешта сваё. — Ну, вось нам добра разам, але ж так не можа працягвацца заўсёды — нават гэты няшчасны інтэрнат з клапамі.

— Ну, не край жа. Прыдумаю нешта. Вакацыі, дыплом, зборы — і ўсё. Хутка канец вучобе. Я таксама стаміўся.

— А потым, Ігнат?

— Трэба недзе працаваць, альбо тачыцца, як чарвяку, у аспірантуру ці яшчэ куды. Мне, дарэчы, выкладчыца Ліцвінава прапанавала дапамогу. Не па мне гэта. Дый «адліга», прадчуваю, заканчваецца. А я, як ні круці, сын «ворага народа» і мой «шлях наверх» абмежаваны.

— У Ліцвінавай да цябе сантымент. Старэючая жанчына, тупаваты муж у ложку, машына, лецішча, дачка, якая ўжо нявесціцца, і ўсё такое. Самота. А тут малады, адукаваны, свежы студэнт, нібы персанаж з «Чырвонага і чорнага» Стэндаля. Памятаеш, як употайкі паціскае яму руку пад сталом замужняя мадам, маці колькіх там дзяцей?..

— Большасць мужчын, мяркую, палігамныя.

— Вось бачыш. І мы, жанчыны, такія ж. Ну, хіба што адбудзецца супадзенне па вірусах. Ты не маніў пра вірусы?

Паўза.

— Скончылася віно, — сказаў Ігнат Мазур. Я яшчэ выпіць хачу. Можа, збегаць? За «аліка» не палічыш?

Студэнтка Святлана Конкіна прыўстала з зэдліка і патушыла цыгарэту.

— Давай лепш паспім, — сказала яна. — Абдымі мяне, як мінулым разам.

* * *

Кіраўніком дыпломнай работы ў Ігната Мазура была выкладчыца Алена Сініцына. Тэму па расійскім часопісе «Наш современник» і супрацоўніцтве з ім Салтыкова-Шчадрына па сутнасці падказала яна, але толькі пасля таго, як пачаў працаваць і ўжо шмат напісаў, ён раптам зразумеў, што раўнадушны і да тэмы, і да часопіса. Не адчуваў, што нешта там кранае яго настолькі, каб імпэтна гарэць. Урэшце, многія студэнты проста бралі вядомыя раней тэмы, знаходзілі тэксты дыпломных, якія пісаліся некалькі гадоў таму і пра якія ўжо даўно ніхто не памятаў. Яны набывалі іх і проста перапісвалі, пазбаўлялі сябе ад лішніх клопатаў.

Сваю дыпломную работу ён усё ж дапісаў. Працаваў урыўкамі, па-ранейшаму без натхнення. Выкладчыца Сініцына адчула гэта і была не вельмі задаволена. «Чакала ад вас большага, — сказала яна неяк яму. — На добрыя чатыры балы пацягнеце, а я для вас, Мазур, планавала „выдатна“».

Урэшце на тым і вырашылася. Абараніўшыся, студэнт Ігнат Мазур адразу выкінуў усё гэта з галавы.

Некаторыя выкладчыкі патрабавалі, каб студэнты абавязкова наведвалі кансультацыі перад іспытамі. Таму на кансультацыі прыходзілі амаль усе. Ігнат Мазур таксама стараўся прысутнічаць на іх, калі выпадала. Прыходзіла на кансультацыі і Святлана Конкіна, хоць неяк прызналася студэнту Ігнату Мазуру, што яна ўвогуле дамаседка. У аўдыторыі і на перапынках паміж заняткамі яны па-ранейшаму амаль не падыходзілі адно да аднаго, хоць і пераглядваліся. Не раз Ігнату Мазуру хацелася забыцца на гэтую невядома як узнікшую канспірацыю, падысці да дзяўчыны і абняць яе пры ўсіх, — урэшце чаго і каго саромецца, але нешта стрымлівала.

Скончылася ўсё гэта непрыемным выпадкам. Аднойчы на перапынку Святлана Конкіна стаяла ў кутку ля падваконня і паліла цыгарэту. Да яе падышоў вясёлы Ваня Гужын, паклаў ёй на плячо руку, другую працягнуў, каб выхапіць у дзяўчыны цыгарэту. Тая даволі рашуча адпіхнула яго і адвярнулася да акна. Гэта якраз убачыў Ігнат Мазур і падазрэнні, загнаныя ў падсвядомасць пасля размовы з Юляй Мараковай, усплылі наверх. Ён раптам адчуў, як моцна ненавідзіць хамаватага, упэўненага ў сабе Гужына. Рашуча падышоў да яго. Тым часам Гужын, смеючыся гаварыў нешта дзяўчыне, якая адвярнулася да яго спінай.