Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 27
Юры Станкевіч
— Ды годзе табе. Усё-такі, як добра, што мы разам на гэтай практыцы. Хоць, шчыра скажу, мяне ад іх абласной студыі далёка не ўстаўляе. А хацелася на заходнюю частку краіны паглядзець, на людзей незнаёмых. Дзіўнаватыя вы, беларусы. У нас у Крыме іншы народ.
— Дзесяць плыняў эміграцыі. Чым багатыя. Што тут дзіўнага? У вас лепшыя?
— Я не ў дрэнным сэнсе. Можа, якраз наадварот. Не крыўдуй.
Студэнт Ігнат Мазур маўчаў. Здагадка паволі прабівалася ў свядомасці, урэшце аформілася ў пытанне:
— Паслухай, Юля! Гэта ж ты паспрыяла таму, каб мяне паслалі сюды на практыку?
Паўза.
— Калі па праўдзе, то я, — прызналася дзяўчына. — Папрасіла «Агеньчыка», яна маю цётку добра ведае.
— Чорт бы вас усіх узяў.
— Ты што, Ігнат?
— Ды пайшла ты.
— Гэта ты дарэмна. Можа, хочаш сядзець па размеркаванні ў раёнцы? У якой-небудзь Бабінцы альбо Жабінцы? А тэлебачанне ніжэй абласнога цэнтра не бывае. Пакуль. А ты мог бы хутка падняцца, бо адукаваны, дасціпны, начытаны, фотагенічны ўрэшце. Збольшага, вядома. Хіба толькі ўдзячнасці бракуе. Я ўсё сказала.
Студэнтка Юля Маракова саскочыла з канапы на падлогу і пайшла да сябе за шырму.
Раніцай Ігнат Мазур пацёрся ў рэдакцыі сярод штатных супрацоўнікаў. Усе былі занятыя сваімі справамі. Казімір Шахто зноў не звяртаў на яго ўвагі, а Юля Маракова моўчкі адвярнулася. Апошняе было не вельмі добра, бо дзяўчына з яе сувязямі магла б у якім неспрыяльным для яго выпадку і прыкрыць, дый жадала яна яму толькі дабра, але думаць пра ўсё гэта не выпадала.
Студэнт Ігнат Мазур сабраўся, апрануў свой адзіны касцюм, свежую кашулю, наваксаваў чаравікі і рушыў у аэрапорт. Праз нейкі час невялікі пасажырскі самалёт «АН», які амаль штодня курсаваў да сталіцы, узняў яго ў паветра.
* * *
Увесь час і ў самалёце, і пакуль дабіраўся з аэрапорта ў тралейбусе да інтэрната, студэнта Ігната Мазура не пакідала ледзь не ліхаманкавае прадчуванне блізкага шчасця.
У краме па дарозе набыў бутэльку таннага сухога віна і адразу скіраваў наверх па лесвіцы, да пакоя, дзе пражывала Святлана Конкіна.
Ён пастукаў у дзверы, прыадчыніў іх. Адна з першакурсніц, бялявая дзяўчына са здаровым вясковым румянцам на твары, сядзела за сталом і нешта пісала ў сшытак. Больш у пакойчыку нікога не было.
— Конкіна калі прыйдзе? — павітаўшыся, спытаў Ігнат Мазур.
— А яна не прыйдзе.
Паўза.
Студэнт Ігнат Мазур асэнсоўваў інфармацыю.
— Гэта яшчэ чаму?
— Яна тут больш не жыве.
— А дзе жыве?
— Не ведаю. Быццам недзе зняла кватэру.
— І яна нічога не пакідала, не прасіла перадаць?
— Нам тут — нічога. Яна з намі ўвогуле мала размаўляла. «Так, не», — і ўсё.
Студэнт Ігнат Мазур больш не дапытваў дзяўчыну і пайшоў у свой пакой. У пакоі нікога не было, дзверы, як заўсёды ў апошні час, зачынены, і ён пайшоў на вахту па ключ.
На вахце прагледзеў раскладзеныя паштовыя канверты. Адзін, ад Ані Балтас, быў адрасаваны яму.
Студэнт Ігнат Мазур выйшаў з інтэрната — цераз дарогу быў скверык. Сеў там на лаўку, ускрыў канверт і пачаў чытаць.
Ігнат!
Нас таксама спіхнулі на практычныя заняткі. Я працую выхавацельніцай у дзіцячым садку. Вольнага часу небагата, але дырэктарка яшчэ не сапсела па ўзросце і з ёй можна калі-нікалі паразумецца. Чым займаюся ў вольны час…
З сябрам мужа сястры схадзіла ў кіно (гэта, каб ты крыху параўнаваў) — не больш. Глядзелі «Рудабродага» Курасавы, і я была ў захапленні ад Т. Міфунэ — якая моц. Затое майго кінапартнёра стужка не ўразіла, і ён увесь час гаварыў нейкія глупствы. Расплявалася з ім на вуліцы. Затое ўжо на «Зацьменне» Антаніоні пайшла адна і выйшла з залы ў стане эмацыянальнага і нервовага зрыву. Які там прыгожы Ален Дэлон! І фільм нібы просты, але вельмі глыбокі і нават трагічны.
Спадзяюся, хутка пабачымся. І тады ўсё абгаворым. Хочаш — я прыеду да цябе на зборы?
Р.S. Нумар дзіцячага садка — «21».
Р.Р.S. Згуляем у пінг-понг?
Твая Аня.