Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 26
Юры Станкевіч
Вечарам таго дня, а практыкаваліся ўжо ледзь не тыдзень, дзяўчаты сабралі тое-сёе на стол, а Ігнат Мазур схадзіў у бліжнюю краму, купіў бутэльку чырвонага сухога віна.
Як заўсёды, шмат палілі і гаманілі пра ўсё і ні пра што.
— Уяўляеш, — пасмейвалася, звяртаючыся да сяброўкі Надзя Гусакова, — гэтае пудзіла, Казік Шахто, запаў на мяне. Учора падваліў цішком і прапанаваў адвячоркам пасядзець з ім за кубачкам кавы ў яго кабінеце.
— Працяг, спадзяюся, будзе? — пыталася Юля Маракова. Дзяўчына была ў добрым настроі.
— Магчыма. Праз тыдзень прыедзе на адведкі мой суджаны, ну, вы ж яго ведаеце. Ён і арганізуе працяг, калі наш юрлівец не супакоіцца.
Студэнт Ігнат Мазур раней бачыў у інтэрнаце жаніха рослай, прыгожай, але, на яго думку, праставатай Надзеі Гусаковай — той заканчваў палітэхнічны інстытут і даволі паспяхова займаўся дзесяцібор’ем.
— А ты чаму ўсё маўчыш, Ігнат? — пацікавілася Юля Маракова. — Мо захварэў?
Ігнат Мазур нявесела ўсміхнуўся, паціснуў плячыма. Ён раптам адчуў сябе нібы ў іншым вымярэнні.
— Выйду, запалю. А вы тут без мяне пасакрэтнічайце.
На амаль бязлюднай вуліцы ўжо загараліся ліхтары. Толькі ля бліжэйшай кавярні было даволі ажыўлена — там віравалі падлеткі.
Студэнт Ігнат Мазур адчуў, як самота холадам агорала яго знутры. Што ён тут робіць з гэтымі дзяўчатамі, адной з якіх быццам нечым абавязаны — толькі чым? Што яму з гэтага тэлебачання, дзе нельга прыбартаваць звычайны літаратурны сюжэт, дзе яго ўпарта не хочуць бачыць нават цяпер, а не толькі ў будучым? Там, у сталіцы, засталася Святлана Конкіна, з ёй адной яму б хацелася аказацца зараз побач. Дзе яна ў гэтыя хвіліны, з кім праводзіць вечар, альбо сядзіць адна? Урэшце, раптам успомніў Ігнат Мазур, ён жа па-ранейшаму амаль нічога пра яе не ведае: хто яна, адкуль, хто яе айчым, маці, нават не ведае якой яна нацыянальнасці? Хоць што яму, акрамя цікавасці, да апошняга?
Ён выцягнуў з кішэні партманет і палічыў грошы. Заставалася не так і багата ад заробленага на мінулых, леташніх вакацыях, але калі палічыць, колькі дзён яму тут пакутаваць, то можна. Так, выйсце ёсць. Можна вечарам ляцець самалётам у сталіцу, а праз суткі вяртацца назад. Наўрад ці хто тут будзе яго пасвіць. Дырэктар Кухарчук? Рэдактар Шахто? Ды ім ўсё роўна — толькі, каб было ціха, і не адбылося ніякіх незбалансаваных сітуацый. Затое ён убачыць Святлану Конкіну. «Насланнё» — нібы з боку падумалася яму пра самога сябе, але з усім гэтым ён пакуль не можа саўладаць. Дык зноў жа — няхай будзе, як будзе.
* * *
К ночы Юля Маракова ціха праслізнула да яго на канапу. Прыціснулася, нешта зашаптала, паводзіла сябе разняволена і ўмела.
Калі ўжо сцішана ляжалі побач, сказала на вуха:
— Хоць тут мы разам. Пажыць нармальна нельга.
— А як жа Гусакова за шырмай? Спіць, ці не?
— Заснула даўно. Ды яна ўсё разумее.
— Усё роўна няёмка.