Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 29
Юры Станкевіч
— Нешта я не разумею. Ты ж быццам з Мараковай «прыкурваеш», а тут Конкіна. Яна ганарлівая, кручаная нейкая, які ў ёй інтарэс? Можа, патлумачыш? Але, бадай, твае справы. Маўчу, маўчу.
Студэнт Ігнат Мазур ужо не слухаў яго. Выскачыў у калідор, пасунуўся да акна і ўскрыў канверт.
Ігнат!
Першакурсніцы і клапы дасталі мяне напоўніцу, і я ўсё больш і больш хачу заставацца адна. Ну, хіба толькі яшчэ з табой. Апошняга сама не чакала, і вось так адбылося.
Айчым завочна зняў мне пакойчык у прыватнай кватэры. Тут недалёка, на першым паверсе. Калі апынуцца тварам да фасада, то злева трэцяе акно.
Я практыкуюся ў абласной газеце. Урэшце, мне ўсё роўна.
Разам са мной, толькі ў іншым аддзеле, наш калега Вінцук Кішчык. О-о, які гэта прадбачлівы і хітры калгасан! Ён вылазіць са скуры, каб застацца тут па размеркаванні. Нават у мясцовай партарганізацыі стаў ўжо на ўлік. Ды зашмат гонару пра яго пісаць, бо лічу дні, калі ўсё гэта скончыцца, і можна будзе неяк змяніць свой лёс.
Я вось часта думаю, што чалавек — гэта проста нейкая нікчэмнасць. І сябе з гэтага шэрагу не выключаю, бо за мной шмат усялякіх брыдкіх учынкаў. Хочаш — раскажу, калі пабачымся?
Днямі прачытала «Чуму» Альбера Камю (я цяпер шмат чытаю) і проста абалдзела ад таго, як ён апісвае каханне. Бо яго, кахання, прысутнасці (фізічнай) у тэксце зусім няма, але яно схавана ў глыбіні, па-за кантактам. Так кранальна. Гэта супер!
У мяне, пэўна, дэпрэсія. Не хачу падрабязнасцяў, бо яшчэ хто дадумаецца прачытаць, а гэта вельмі непажадана. А калі ты апынешся ў Мінску раней, то мой адрас: зав. Зароўскага, д. 6. кв. 8.
Астатняе — потым, потым.
Святлана К.
Студэнт Ігнат Мазур таропка прывёў сябе ў парадак. Памыўся, пагаліўся, рукі яго пры гэтым дрыжэлі, апрануўся і на пытанне Дзяніса Маркіна, калі вернецца, адказаў:
— Не ведаю.
Вахцёрка ўнізе паведаміла яму, калі спытаў, дзе завулак Зароўскага, што сама жыве непадалёк. Патлумачыла, дзе і як туды дайсці бліжэйшым шляхам.
Неба ўжо там-сям пакрылася дробнымі зоркамі. Па тратуарах у святле ад ліхтароў кудысьці спяшаліся заклапочаныя людзі. Асабліва людна было ля бліжняй, нядаўна пабудаванай гасцініцы «Планета», дзе месціўся і рэстаран. Студэнт Ігнат Мазур ледзь не спартыўнай хадой прайшоў далей, збочыў у патрэбным напрамку і неўзабаве знайшоў дом, на вуглавой сцяне якога ўбачыў адтрафарэчаную лічбу «6». Дом быў звычайны, пяціпавярховы, з няўклюднымі балконамі, шэрымі цаглянымі сценамі і невялікімі вокнамі.
Ён вылічыў патрэбнае яму трэцяе злева акно — адтуль выпраменьвалася слабая паласа святла, узняўся на муравы парэбрык і ціха пастукаў у шкло. Праз некалькі секунд святло пагасла, акно прыадчынілася. Знаёмая ўскудлачаная галава дзяўчыны з’явілася над падваконнем.
— Ты, Ігнат?
На нейкі міг адчуванне поўнага шчасця цалкам авалодала ім.
— Я зайду? Адчыні дзверы!
— Пачакай, гаспадыня, пэўна, спіць. Лепш яе не турбаваць. Ты зможаш сюды залезці? А то я вымушана буду сама адчыняць. Дык яна можа пачуць.
Замест адказу студэнт Ігнат Мазур падцягнуўся на руках, злаўчыўся і ўціснуўся ў расчыненае акно.