Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 24
Юры Станкевіч
— У нас з табой, пэўна, аднолькавыя вірусы засяліліся. Так што ўсё непазбежна. Таму і прыйшоў.
Студэнтка Святлана Конкіна прыпаліла ад цыгарэты цыгарэту.
— Што яшчэ за хрэнь? Патлумач.
— Калі толькі коратка. Я недзе чытаў, што менавіта вірусы далі штуршок спачатку самому жыццю, а потым і эвалюцыі. Яны і цяпер яе асноўная сіла. Усё даволі празаічна. Наш мозг, калі сыходзіць з гэтай тэорыі — смеццязборнік вірусаў. І нават каханне звязана з вірусамі. Базавая хімічная рэакцыя. Выходзіць, не мы ўтвараем пары, а падобныя вірусы скіравана прыцягваюць нас адно да аднаго.
— Лепш бы ты памаўчаў, Ігнат. Па-твойму намі кіруюць паразіты?
— А ты думала…
— Ты б зачыніў дзверы, Ігнат. А то яшчэ хто-небудзь зазірне. Яны ўсе і так мяне за сцерву трымаюць.
— Хто гэта — усе?
— Першакурсніцы мае, яшчэ сёй-той. Ды няважна хто.
Студэнт Ігнат Мазур зачыніў знутры дзверы — ключ пакінуў у замку, пасунуў, як і ў мінулы раз, зэдлік да ложка і прысеў побач з дзяўчынай. Затым адабраў у яе амаль дапаленую цыгарэту і кінуў у попельніцу, але сваёй рукі ад яе далоні не адняў і раптам адчуў, як яна сціснула ў адказ яго пальцы. І ўсё адразу ж паплыло перад яго вачыма…
Калі б хто-небудзь спытаў у студэнта Ігната Мазура, ці нават ён сам пацікавіўся ў сябе, што адбылося з ім і дзяўчынай на імя Святлана Конкіна ў той вечар і ноч, — ён бы абсалютна шчыра адказаў, што нічога не памятае. Адрэзак часу ў некалькі гадзін быў амаль начыста выцерты з яго памяці, усплывалі хіба асобныя фрагменты: як таропка дапівалі віно, як нехта грукаў у дзверы, як абое прагна палілі па цыгарэце, але так і не дапалілі, бо зноў кідаліся ў ложак.
Толькі раніцай студэнт Ігнат Мазур вярнуўся ў свой пакой, заваліўся ў пасцель і, не зважаючы на неспакойнага з досвітку Міхася Байкова, які з сялянскай уніклівасцю ўстаўляў жалезныя апоры свайго ложка ў запоўненыя вадой бляшанкі ад кансерваў — усё гэта ад клапоў — моцна заснуў.
* * *
Неяк атрымалася, што на практыку тэрмінам на два тыдні Ігнату Мазуру загадалі збірацца ў адзін абласны цэнтр на тэлебачанне. Дзіўна было, што ён сам такога жадання быццам і не выказваў. Ён ведаў, разумеў: тэлежурналістыка набірае моц, выходзіць на першае месца ў сродках масавай інфармацыі, — але ўсё-такі падсвядома адчуваў — яго месца не на тэлеэкране, а ў рэдакцыі газеты ці якога часопіса, а тут… Публічнасць — гэта не для яго. Да таго ж, на кафедры тэлебачання працавала маладая, даволі істэрычная, на яго погляд, аспірантка Спіркіна, якая, калі трэба было і не трэба, уздымаючы ўверх вочкі, усклікавала: «Агеньчык! Агеньчык!», за што і атрымала адпаведную мянушку.
Студэнт Ігнат Мазур яе не паважаў і засцерагаўся — яна часта завальвала на іспытах.
Ён, вядома, хацеў застацца на практыцы ў Мінску, нават не важна дзе, бо тут заставалася Святлана Конкіна. Але хадзіць у дэканат і прасіць не хацелася. Трымаўся далей ад кіраўніцтва факультэта.
У абласны цэнтр разам з ім на практыку паехалі Юля Маракова і яе сяброўка Надзея Гусакова. Дзяўчаты замацаваліся за «тэленавінамі», а Ігнат Мазур папрасіўся ў рэдакцыю літаратурна-драматычных перадач. Пасялілі практыкантаў у зале, дзе завяршаўся рамонт, спалі яны цераз шырму: дзяўчаты на раскладушках, а Ігнат Мазур на старой караткаватай для яго канапе. Урэшце, уладкавалі іх, як ён палічыў, няблага, выдалі нават коўдры і бялізну.