Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 22

Юры Станкевіч

* * *

Ішоў час. Жаданне пабачыць Святлану Конкіну, якое нібы выбухнула ў ім апошнімі днямі, было настолькі моцным, што студэнт Ігнат Мазур штодня ледзь стрымліваў сябе. Але інтуітыўна ён адчуваў: варта вытрымаць нейкі адрэзак часу, каб усё адбылося па тым сцэнарыі, які прыме дзяўчына. Апынуцца побач занадта рана ці занадта позна — і яна можа страціць да яго ўсялякі інтарэс, а падсвядомасць цьмяна гаварыла яму пра тое, што гэта так і ёсць. Як і ён, яна зрэдку з’яўлялася на лекцыях, але яму хацелася большага — застацца з ёй сам-насам.

Якраз дапамог выпадак. На прыпынку ля інтэрната ён убачыў дзвюх дзяўчат з таго пакоя, у якім жыла Святлана Конкіна. У руках яны трымалі сумкі. Дзяўчаты — зямлячкі з аднаго раёна — былі ўжо яму знаёмыя. Ён мімаходзь спытаў, куды яны сабраліся. «Дадому, адпусцілі ў дэканаце на суткі», — адказалі першакурсніцы. «Пэўна, да бацькоў па прадукты і па грошы, — з сарказмам вырашыў ён. — Грошы, мабыць, на дураплясаў пайшлі. Вядомая справа».

— А Святлана сышла куды ці сядзіць у пакоі? — быццам абыякава спытаў іх студэнт Ігнат Мазур.

— Так. Нешта чытае, — адказалі дзяўчаты.

Было даволі цёпла. Клёны даўно пакрыліся лісцем. Крама месцілася побач. Ігнат Мазур купіў там бутэльку «Тракіі», плітку шакаладу і ў бабулі, калі праходзіў скверык, букецік палявых кветак. «Поўны джэнтльменскі набор», — іранізаваў ён.

Яму б не хацелася, каб цяпер хто са знаёмых студэнтаў, сустрэў яго, асабліва Юля Маракова. «І ўвогуле, — думаў ён, — тое, што раблю, не зусім правільна». Але тут жа пачаў шукаць сабе апраўданне і знайшоў яго: не можа супрацьстаяць сваім пачуццям, і як будзе далей — няхай так і будзе…

Зайшоўшы ў інтэрнат, падняўся паверхам вышэй, на якім быў пакой, дзе жыла Конкіна, і некалькі разоў пастукаў у дзверы. Неўзабаве ключ у замку шчоўкнуў і дзверы расчыніліся. Студэнтка Святлана Конкіна моўчкі глядзела на яго, блізарука прыжмурыўшыся.

— Варта і папярэджваць, — быццам незадаволена сказала яна.

Але ён, паглядзеўшы на яе, мог бы паклясціся, што гэта было зусім не так.

— Люблю знянацку.

— Не прыбрана. Ты надоўга?

Замест адказу ён дастаў з пакета віно, працягнуў дзяўчыне кветкі.

Паўза.

— Як гэта зразумець, Ігнат? — спытала студэнтка Святлана Конкіна. Нязменная, ледзь бачная таямнічая ўсмешка ўжо блукала ў кутках яе вуснаў. — Можа, ты зноў не ў той пакой зайшоў?

Дзяўчына стаяла ад яго так блізка, што ён адчуў слабы пах яе цела, парфумы і ледзь перамог імклівае жаданне абняць Святлану і моцна прыціснуць да сябе.

— Прысядзь, Ігнат. А то ты, як слуп, нада мной. Кветкі пакуль у ваду пастаўлю. Ну, дзякуй. Не чакала. І Мараковай кветкі носіш?

— Ты якой нацыянальнасці, Святлана? — раптам спытаў студэнт Ігнат Мазур.

— Навошта табе?

— Нічога пра цябе не ведаю.

— Па бацьку ёсць угра-фінскія карані, я з Таліна, ён там быў капітанам сухагруза, а па маці… Якая табе, урэшце, розніца? Ты па гэта прыйшоў?

— Прамінём, калі так, — сказаў Ігнат Мазур.

— Ты пакуль адвярніся, а я на сябе зірну ў люстэрка, — дзяўчына засланілася ад яго палавінкай шафы.

— У вас тут нават і прайгравальнік ёсць, — між тым заўважыў Ігнат Мазур, — ды такі кампактны, зручны. Танчыце з гасцямі?