Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 48

Юры Станкевіч

        гу-а-а-а-а-а-а-а!

потым праз кароткую паўзу зноў

        гу-а-а-а-а-а-а-а!

і стары падышоў да брамы і зазірнуў на падворак, каб вызначыць крыніцу гэтага несумненна чалавечага скавытання, і раптам вызначыў — голас ішоў з прусакоўскага хлеўчыка: у слабым святле ліхтара з вулічнага слупа можна было ўбачыць, як туды ўжо бег нехта з чужынцаў, бразнулі дзверы, данёсся яшчэ крык, нібы ад раптоўнага болю, а потым усё сціхла, а стары зрабіў сабе засечку ў памяці, ён адчуў сябе зусім вольна ў гэтым гармідары і назіраў, як у былой фралоўскай сядзібе і з прусакоўскага дома паступова выцякала іншародная плынь, зноў вызваляючы затопленую ёю тэрыторыю; пад’ехала патрульная машына, з якой вылез і пагаварыў аб нечым з чужынцамі афіцэр-міліцыянт, а потым зноў знікла ў ночы, на хуткасці пад’язджалі і зноў ад’язджалі іншамаркі чужынцаў, — пошукі закладніка, пэўна, мусяць працягвацца да апошняй хвіліны, прызначанай у лісце, да дзвюх гадзінаў ночы, — меркаваў стары, — але ж вызначыць месцазнаходжанне закладніка не так ужо і проста, і стары аднавіў у галаве засечку пра тое, што чуў з хлеўчыка голас, і намагаўся прыгадаць, хто б гэта мог крычаць, але гармідар і мітусня навокал увесь час распылялі яго ўвагу на дробныя фрагменты, і стары пакрысе пачаў адступаць назад, а потым увогуле зліўся з цемрай і скіраваў да дома, каб давесці пра ўсё мужчыну, што чакаў яго, а Даніла Прусак толькі сціснуў сківіцы, калі пачуў ад старога пра тое, што адбывалася, і сказаў

        цяпер, Антон Пракоповіч, усё вырашаць мне, заставайцеся і сцеражыце таго ўблюдка ды малога прыглядзіце

і дадаў

        калі не вярнуся да раніцы, самі вырашайце, што рабіць

а стары толькі параіў

        сцеражыцеся, бо вы там адзін будзеце

і пашкадаваў

        гэх, зброі малавата, бярыце карабін

падумаў і вырашыў

        я з вамі

але мужчына ахаладзіў яго

        ні ў якім разе, і зброі не трэба

і саступіў у цемру, і ноч прыняла яго ў сябе, — ён ішоў амаль не тоячыся, толькі сустрэча з патрульнай міліцэйскай машынай, як ён меркаваў, магла адразу перашкодзіць яму, але тут ужо было перадвызначана — альбо так, альбо гэтак, і дайшоў такім чынам да брамы свайго дома і ўбачыў, як ля былой фралоўскай сядзібы мітусіліся постаці чужынцаў, але ніхто з іх не пазнаў яго; зайшоў у свой дом — ён быў пусты, толькі там-сям бачыліся сляды пакражы і прысутнасці няпрошаных гасцей, агледзеў усе пакоі і напрасткі, не хаваючыся, пакрочыў цераз павалены плот, і толькі тут яго заўважылі і закрычалі ўстрывожана, але ён ужо адкрываў дзверы адны за другімі, — вішчэлі жанчыны, разбягаліся па баках падлеткі, і ўрэшце ўбачыў знаёмы твар іх старшага — той сядзеў у самым далёкім пакоі на крэсле, быццам нікуды не збіраўся, твар яго на гэты раз быў чыста паголены, і трохвугольны чэрап блішчэў пад святлом плафона, і, убачыўшы Данілу Прусака, ён нават не паварушыўся і відавочна не здзівіўся, а сказаў па-расейску, але з незнаёмым акцэнтам, як гаварылі ўсе яны