Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 46

Юры Станкевіч

        ліст дасланы, пэўна, ужо яго чытаюць, цяпер будзем чакаць ночы — яна вырашыць

стары дадаў, што знарок перадаў ліст праз выпадковага падлетка, бо дарослы запомніў бы яго ў твар, знайшліся яшчэ б якія прыкметы, а калі іх высачаць ці што яшчэ сарвецца, то — гамон і літасці ад сваіх жа не будзе, а Даніла Прусак на тыя словы паляпаў па карабіну і заўважыў, што зброя пры іх, а большага аргумента ў такіх выпадках проста не існуе, на што Антон Кніга сказаў іранічна

        вось вы і прыйшлі да нейкай высновы

схадзіў праверыць закладніка, і той прасіў выпусціць яго і енчыў і скавытаў у склепе, а стары зноў давёў яму, што ўсё залежыць ад ягонага бацькі і супляменнікаў, а сам, каб меў магчымасць, то проста кінуў бы яму ў склеп гранату, і прыгразіў, што выканае гэта, калі той не змоўкне, вярнуўся ў дом і гаварыў

        кажаце — мы старая, выпрацаваная нацыя, ангельцаў у прыклад прыводзіце, якія, маўляў, на мяжы выроду, а вазьміце кітайцаў? яны ж таксама старая нацыя

і злаваў

        яшчэ ні адзін народ не выжываў, падстаўляючы задніцу, а сярод рабоў ніколі не будзе адзінства — гэта яшчэ Арыстоцель заўважыў

і буркацеў сваё і казаў

        гэтыя нашэсці страшнейшыя за Чарнобыль, страшнейшыя за войны, землятрусы і паводкі, бо тыя пацукі не ведаюць ні шкадобы, ні спачування

і абураўся

        а вам не дзіўна, што толькі ў нас тых прыхадняў любяць, і вар’яцеюць ад іх, і служаць ім, і трымцяць перад імі?

і заканчваў звыклым

        …я гэтых пакладанцаў тэлеграфным слупам праз памыйную яму

а час ішоў, і закладнік зрэдку пачынаў крычаць у склепе, ды з вуліцы яго пачуць не маглі, а чуў даўнёнак сваім вострым слыхам і нерваваўся і прасіў

        хачудамоўхачудамоў

а потым пачало сутоньвацца, і стары сказаў

        ну, цяпер зноў мой выхад і патлумачыў

        трэба схадзіць і на свае вочы паглядзець, што там робіцца

запэўніў мужчыну

        я там не засвечаны, ніхто на мяне ўвагі не зверне

раптам спыніўшыся, сказаў

        я ўсё думаю над вашымі словамі, і ў мяне ўражанне, што мы сапраўды мусім дарэмна затыкаць тут плаціну, якую ўжо прарвала, і ваду назад не вернеш, праўда, а варта, можа, толькі сябе ратаваць, бо аднойчы прачнёмся і пабачым, што гэтая набрыдзь паўсюдна, а з другога боку насуперак ёй хіба што вартая жалю кучка дэбілаў, апушчэнцаў, наркаманаў ды самаедаў, якія сваіх жа дачок ім прададуць і апраўданне таму знойдуць

Даніла Прусак паціснуў плячыма і змрочна заўважыў

        потым будзем разважаць, а сёння ноччу мы павінны іх адолець

на што стары сказаў

        а я вось што яшчэ мяркую: каб не той Чарнобыль, то нам ужо даўно б гамон быў; панаехалі б з усіх бакоў прыхадні, чужынцы ўсякія, і лепшыя землі адабралі б ды захапілі б — дзе хітрасцю, дзе падманам, а дзе і сілай, а так — каму з іх асабліва ахвота ў радыяцыю лезці, а хто лезе — тыя зусім ужо набрыдзь, смецце