Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 42

Юры Станкевіч

        ну, вось я цябе і знайшоў, ад мяне, братка, не схаваешся, я тое і дзядзьку твайму даводзіў

і бедаваў

        хто ж гэта цябе так, нябогу?

і прыспешваў

        цяпер пойдзем хутчэй, а то дзядзька зачакаўся, а яму сюды нельга

і пытаў

        а Ігнат, брат твой, дзе? хіба ён не прыехаў?

даўнёнак не разумеў пра брата, але радаваўся і паўтараў

        дзедадзедадзеда

і стары павёў яго праз сад і браму на вуліцу, у ранішняй цішы толькі пачыналі гаманіць птушкі; стары насцярожана азіраўся і трымаў правую руку за крысом плашча і гаварыў

        ну, а я спачатку ў хаце цябе шукаў, а як пабачыў там тых прыхадняў, то зразумеў — там цябе няма, а тыя спяць моцна, так, пеўня ім туды б чырвонага, а Ігнат, значыць, не прыехаў, ну-ну

а малы ледзь плёўся, і Антон Кніга шкадаваў

        няма сілы, а то ўзяў бы цябе на рукі

і азіраўся і гаварыў

        каб толькі не высачылі, куды мы ідзём, дзе наша лежка

і голас яго гучэў усё больш бадзёра, па меры таго як яны набліжаліся да дома, і ўрэшце стары і малы апынуліся перад брамкай, за якой ужо чакаў Даніла Прусак, і даўнёнак зрабіў спробу пабегчы да яго, але не здолеў, а мужчына, як толькі пабачыў яго твар, пабялеў і спытаў

        хто гэта цябе, малы?

але хлопчык толькі шаптаў

        ДаняДаняДаня

а Даніла Прусак пабляднеў яшчэ больш і сказаў, звяртаючыся да старога

        ну, а зараз давайце мне тую штуку, што хаваеце пад плашчом, і хутчэй, бо цяпер мая чарга ісці ў адведкі

і Антон Кніга ўжо ў сенцах выцягнуў з-пад плашча на святло лёгкі кароткаствольны малакаліберны карабін, але ахалодзіў мужчыну

        найперш малога пакарміць трэба, абдумаць усё, пра сына вашага даведацца, схадзіць на пошту і патэлефанаваць яму, а потым ужо і дзейнічаць

пяшчотна паляпаў па прыкладу, засунуў за шафу ў шчыліну і дадаў

        гэта трафейная штука мне даражэйшая за ўсё зараз, бо яна кошт жыцця мае, я яе ды вядро патронаў у знаёмага старога на вёсцы выменяў, па аднаму артыкулу з ім калісьці праходзілі, ён захварэў, ведаў, што памрэ, — таму і аддаў

і падсумаваў

        ну, а цяпер усё ад нашай волі і розуму залежыць, тут спяшацца не варта, вам пакуль увогуле лепш не высоўвацца, бо вас ужо шукаюць, ну а я на пошту схаджу, потым усё і вырашым

і бурчэў звыклае

        …я гэтых жывёл тэлеграфным слупам праз памыйную яму

а гадзіны праз дзве, калі даўнёнак спаў, абодва сядзелі за сталом і стары казаў

        сын ваш, Ігнат, дома, пэўна, сюды і не думае збірацца, ды я і не высвятляў, нельга, а ён да таго ж мяне і ведаць не ведае

Даніла перабіў жорстка

        ён мяне не цікавіць болей

і працягваў

        згода, спяшацца не буду, але ноччу я выберуся да тых пацукоў, і зброю вы мне дасцё

і стары не аспрэчваў

        бярыце, інакш вы ўсё роўна ў іншым месцы возьмеце, ды толькі пачакайма, пакуль я вам, калі атрымаецца, сюды аднаго чалавека прывяду, вось тады ўсё і вырашым