Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 43

Юры Станкевіч

і Даніла Прусак спытаў

        якога яшчэ чалавека?

але стары перавёў гутарку на іншае

        вы не апошні, хто хоча перамяніць наш свет

гаварыў ён

        але перамяніць яго магчыма толькі яшчэ большым страхам, ад адваротнага

і пытаў

        хіба не так? вось я лагеры прайшоў — і што змянілася? колькі інфармацыі выплюхнулася наверх — і што? уся ў пясок пайшла

а Даніла Прусак пацікавіўся машынальна — ён у падсвядомасці, у думках быў ужо там — у маючай наступіць ночы

        ну і вы, вядома, у будучыя перамены не верыце?

і стары адказаў

        не, не і яшчэ раз не, бо ваду, якая пераплюхнула цераз дамбу, назад не вернеш — хіба не так? успомніце, вы мне раней Гумілёва ў прыклад прыводзілі, памятаеце, пра ўзрост народа гаварылі, магчыма, усё і так, магчыма, мы зараз зрасходаваны матэрыял, але ж, прабачце, — каб так свае задніцы падстаўляць, — гэта ўжо ўсе межы прыстойнасці пераўзыходзіць, не, гэты народ дабром не скончыць

і гнуў свае

        …я гэтых самаедаў тэлеграфным слупам

і ставіў кропку

        праз памыйную яму

і ў вачах яго раз-пораз успыхвалі агеньчыкі нянавісці, нязломнасці і супраціву.

VII. Зыход

Набліжаўся поўдзень, калі стары Антон Кніга зноў апынуўся ў завулку ля былой фралоўскай сядзібы і з цяжкасцю прайшоўся побач — раз, другі, назіраючы, як бегаюць туды-сюды шматлікія дзеці чужынцаў, завіхаюцца крыклівыя гаспадыні, загадваючы нешта дзвюм жанчынам-паслугачкам з мясцовых, што няньчылі, не выпускаючы з рук, іх зусім яшчэ малых дзяцей, а трэцяя мыла на двары бялізну; некалькі іншамарак туліліся ля плота, а на лаўцы ўжо сядзелі тутэйшыя дзяўчаты з навакольных дамоў і палілі цыгарэты, манерна адстаўляючы пальцы рук і папраўляючы прычоскі, а перад імі праходжваліся некалькі ўзмужнелых падлеткаў з чужынцаў і гергеталі па-свойму, а то мацюкаліся па-расейску

        бляматахушаварот!

бесцырымонна хапалі дзяўчат за рукі і валасы, прыгінаючы галовамі ўніз, а тыя вяла і крыўдліва выкрыквалі кшталтам

        ай, ну канчай, бля, адпусці!

праз хвіліну ўжо хіхікалі юрліва

        хехехехехе

і закідвалі нага на нагу, і некаторыя з іх былі ўжо відавочна цяжарныя, і падлеткі тыцкалі ў іх прыпухла-пукатыя жываты пальцамі і гаварылі

        гэта ад мяне, ад мяне

ці дражніліся

        праглынула мячык, бікса, так?

І мацюкаліся і падскоквалі, махаючы рукамі: энергія выпірала з іх, чорныя вочы бліскалі, а цёмна-жоўтая скура на тварах ільснілася ад поту, і стары глядзеў на ўсё гэта, яго ж наадварот, не заўважалі — нібы ён для іх не існаваў ці быў з іншага вымярэння; чужынцы забягалі і выбягалі ўжо з прусакоўскага дома, быццам гэта здаўна быў іхні будынак, сноўдалі па садзе, а потым на падворак выйшла пакаёўка Васіліна і накрычала на паслугачак, і стары адразу скарыстаў момант: падышоў да яе і спытаў, ці не пакліча яна да яго на хвіліну іх старэйшага мужчыну, і Васіліна падазрона звузіла вочы на мангалоідным, скуластым твары, агледзела яго з ног да галавы і сказала грэбліва

        ён ад’ехаў па справах, у яго шмат спраў, у адрозненне ад некаторых іншых

і ўрэшце пацікавілася