Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 4

Юры Станкевіч

        небяспеканебяспеканебяспека

і яшчэ ў чужынцаў з’явілася пакаёўка, — яны прывезлі яе аднекуль здалёк, пэўна, адтуль, дзе жылі раней, і якую звалі Васіліна, — русачка гадаў сарака пяці, высокая, худая, з вульгарным тварам крымінальніцы і моцнымі, доўгімі рукамі, але яе ніколі не бачылі п’янай ці з цыгарэтай у руцэ; у яе былі чорныя блукаючыя вочы і цупкі і прывязлівы позірк, часам як у вар’яткі, а ёй падпарадкоўваліся дзве паслугачкі ў гадох — яны то мылі бялізну, то даглядалі і мамчылі дзяцей, якіх станавілася ўсё больш і больш, і ўсіх гэтых траіх, найбольш Васіліну, жанчына чамусьці вылічыла і не засцерагалася, як тых чужынцаў, асабліва пакаёўку, якая здавалася ёй хаця і прымітыўнай і незразумелай, але ўсё-такі больш блізкай істотай, з якой яна аднойчы нават перакінулася словам, хаця тая і не вельмі хацела размовы, у рэшце рэшт і сама размова атрымалася імклівай і нелагічнай, але, меркавала яна, так і бывае ў жанчын, успамінаючы, як тады спытала ў пакаёўкі

        здалёк прыехалі?

і нервова рыхтавалася задаць яшчэ пытанні, іх было шмат: пра тое, хто яны такія, чаму з’явіліся і чаго хочуць, якія ў іх мэты — павінны ж быць у людзей нейкія мэты, але пакаёўка пакінула яе пытанні без адказу, а ў сваю чаргу пыталася

        а чорны хлеб можна есці?

і тлумачыла

        у ім, кажуць, радыяцыя, бо ён з жыта, а пшаніца прывазная і цікавілася а тут правяралі зямлю, паветра?

і, калі пачула, што радыеактыўнасць тут значна меншая, чым, напрыклад, у паўднёвых раёнах, адразу перапыніла размову, проста завярнулася і пайшла, і ўсё гэта здалося тады жанчыне нерэальным і невытлумачальным, як бывае ў сне, але ж гэта было наяве, і яна ўсё-ткі супраціўлялася і імкнулася шукаць хаця б паразумення, але тыя прыхадні рабілі сваю справу з механічнай мэтанакіраванасцю насякомых, якія адкладваюць свае яйкі на аблюбаваныя імі ахвяры, і вынік нібы быў імі прадугледжаны, быццам яны толькі выканаўцы непаразумелага ёй і адхіленага ў часе валявога акту, і жанчына хадзіла ля дома, пазіраючы ў бок суседзяў, і вусны яе зноў варушыліся, каб вымавіць адно і тое ж

        небяспеканебяспеканебяспека

пакуль аднойчы яна не вырашыла па-добраму пагаварыць з іхнімі жанчынамі, — няхай ёй і не пашанцавала з суседзямі, дый і ўсёй вуліцы таксама, але паразуменне павінна быць знойдзена, трэба ж неяк жыць далей, і ўзяла з сабой пакет з пернікамі — гасцінцы іх дзецям — і пайшла прама цераз павалены плот, — жанчыны на былым фралоўскім падворку таксама к вечару збіраліся разам, — яна пачула гэта па рэзкіх крыках і дзіцячаму віску, але размовы, як і раней, і тады ў іх не атрымалася, а разам з тым і паразумення, бо хаця дзеці іх і павырывалі і расхапілі ў яе з рук пернікі, жанчыны тыя абмежаваліся двума-трыма фразамі, нават у дом не запрасілі, хаця яе здзівіла тое, што яны ведалі і імя яе, і прозвішча, калі пыталі бесцырымонна на ламанай рускай мове

        а брат, сэстра ў тэбя ест?

        а што ў малчыка?