Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 5
Юры Станкевіч
а гдэ работаеш?
пасля чаго ўвогуле хутка страцілі да яе цікавасць, тут якраз да брамы пад’ехала іншамарка, адкуль вылезлі некалькі жукаватых і крыклівых мужчын і жанчын, і яна скіравала назад, цераз павалены плот, і дома ўжо з раптоўным сорамам успамінала, як стаяла перад імі: проставалосая, з чырвонымі плямамі на шчоках, прыніжана стараючыся знайсці паразуменне там, дзе ім і не пахла, а потым, ужо ўвечары, прывезлі з гартапа выпісанае на зіму паліва — крыху дроў і брыкету, і скінулі ўсё гэта на вуліцы перад брамай, і яны ўдваіх з даўнёнкам насілі ў хлявок, але перанеслі няшмат, бо наступіла ноч, і яны пайшлі ў дом, дзе яна накарміла даўнёнка кашай і напаіла гарбатай, а потым паклала яго спаць і легла сама, а калі прачнулася — ужо світала, яна выйшла на падворак, зазірнула за браму і ўбачыла, што ні брыкету, ні дроў ужо не засталося, а напярэдадні яны з хлопчыкам перанеслі ў хлявок хіба трэцюю частку таго паліва, і скамянела, сціснуўшы вусны, бо нават слёзы не хацелі з’яўляцца ў вачох, мо тады яна адчула б палёгку, але жанчына адагнала гэтыя думкі, як не маючыя сэнсу, і скіравала прама цераз павалены плот, які яна ўжо не раз падымала і ўмацоўвала, але яго валілі зноў і зноў, і пачала грукаць у дзверы былога фралоўскага дома, але ніхто ёй і не думаў адчыніць, хаця фіранкі на вокнах варушыліся і за ёй відавочна назіралі, і так яна прастаяла нейкі час, а потым завярнулася і пайшла, і тут ззаду бразнула фортка, і ўслед ёй паляцеў кусанак яблыка, які ўпаў пад нагамі, ледзь не трапіўшы ў спіну, а потым фортка з трэскам зачынілася, і жанчына на некалькі секунд знерухомела, ліхаманкава шукаючы варыянт далейшых паводзін, але сітуацыя была ўжо небяспечнай не толькі для яе — яна з усіх сіл імкнулася стрымацца, бо памятала пра дзіцё там, у хаце, і вярнулася дадому, дзе села ў крэсла і пачала думаць, як жыць далей, але тут прачнуўся хлопчык і завёў свае
ПіляПіляПіля
і трэба было дапамагчы яму апрануцца і накарміць: яна рабіла ўсё механічна, як заведзеная лялька, толькі вусны шапталі, па меры таго як яна супакойвалася
небяспеканебяспеканебяспека
а потым пайшла да суседа, які жыў з іншага боку ад фралоўскай хаты і якога звалі Іосіф Манюка — гэта было сапраўднае яго прозвішча, а наколькі ён адпавядаў яму яна б завагалася адказаць, бо Юзік, як яго тут звалі, працаваў у райспажыўсаюзе нарыхтоўшчыкам, а прасцей кажучы, старызнікам, збіраў па горадзе розны хлам, і ўвесь двор і гарод яго былі заўсёды завалены ржавымі трубамі, анучамі, сапсаванымі чыгуннымі радыятарамі, бочкамі ды розным іншым жалеззем, чаму нават адпаведную назву ці слова цяжка было знайсці, і вось яна прабралася праз увесь гэты хлам і зайшла ў дом, дзе яе сустрэла пятнаццацігадовая Рэгіна — дачка Манюкі: ужо зусім аформленая ў жанчыну, чарнавокая і з крыху выцягнутымі наперад, як і ў яе бацькі, сківіцамі — і паведаміла
а бацька дома, адпачывае
і пайшла праз вітальню наперад, адкуль ужо даносілася мармытанне тэлевізара, а потым з’явіўся і сам Іосіф Манюка; высунутая яго сківіцы нешта жавалі, і сказаў