Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 2

Юры Станкевіч

        ПіляПіляПіля

Трус белага колеру, атлусцелы, як шар, хутка-хутка працаваў сківіцамі за дротавай рашоткай клеткі, паядаючы траву, і пазіраў на хлопчыка круглым чырвоным вокам, і калі што яму не падабалася, гучна грукаў аб падлогу заднімі лапамі

        трахбах

даўнёнак радасна ўсміхаўся і рабіў выгляд, што пужаецца, і гаварыў

        ешешешеш

вось дзеці тых перасяленцаў ці бежанцаў (як яны пра сябе казалі) пачалі падбірацца да яе Улі (так яго звалі ад сапраўднага, дадзенага пры нараджэнні, Юльян), бо даўнёнак сам казаў пра сябе

        Уля

і спачатку быццам жартавалі: шчыкалі, тузалі яго, але іх жарты набывалі ўсё больш садысцкае адценне, і даўнёнак пачаў іх баяцца, хаця ўвогуле любіў вазіцца з дзецьмі, пакуль яны, тыя дзеці прыхадняў, не пачалі піхаць і штурхаць яго, а потым і біць па твары, па руках, і даўнёнак не разумеў гэтага і хаваўся ў хаце і не хацеў потым выходзіць у сад, а затым з клеткі знік трус — ўвогуле гэтага трэба было чакаць, бо яго проста скралі і з’елі, нават косткі не пасаромеліся выкінуць за павалены плот, дзе ўтварылі сметнік, і яна каторы раз пайшла з імі сварыцца, але, як і першы, і другі, і трэці раз, з гэтага нічога не атрымалася — яе проста не заўважалі, і тады яна звярнулася да ўчастковага, былога вяскоўца, зухаватага, маладога яшчэ, гадоў трыццаці, вузкага ў плячах і ўжо аб’ёмнага ў паясніцы чалавека, які дасягнуў межавай для сябе вышыні — падняўся да лейтэнанцкага звання, і той хадзіў разбірацца і на яе пытанні заўсёды казаў

        тактак

нешта з паважным выглядам крэсліў у сябе ў блакноце асадкай, пукаціў чорныя, ухілістыя вочы і зноў казаў

        тактак

і яна ў думках ужо зняважліва звала яго Тактакам і разумела, што спадзявацца на яго ці на які закон дарэмна, бо Тактак збольшага растлумачыў ёй, што тыя першыя бежанцы ўжо прапісаліся праз гарвыканкам і набылі нават грамадзянства, і каб даказаць, што яны гандлююць наркатой (а яна ўсё часцей заўважала, як да чужынцаў звярталіся маладыя дзяўчаты і хлопцы, а апошнім часам і падлеткі, і некаторыя з іх так спяшаліся, што карысталіся шпрыцамі прама на вуліцы, за плотам), трэба сур’ёзныя доказы

        тактактак

тлумачыў ёй участковы і адводзіў вочы, у яго ўжо з’явілася іншамарка, ён увесь час некуды спяшаўся, і яна канчаткова дапяла, што ніхто не паварушыць і пальцам у яе абарону, бо суседзі, што жылі далей па вуліцы, займаліся кожны сваім і рабілі выгляд, быццам навакол нічога не адбываецца, і заставалася адно — прасіць парады і, магчыма, дапамогі ў брата Данілы, які калісьці жыў тут, разам з ёй, і тады быў невялікі правінцыйны горад Янаўск (такі ён, дарэчы, і застаўся) і была сям’я, а цяпер яна засталася ў гэтым Янаўску адна: хіба даўнёнка можна лічыць за памочніка, меркавала яна і з жахам чакала кожнай ночы, бо начамі, як ні дзіўна, актыўнасць прышэльцаў узрастала: рыкалі маторы аўто, нехта прыязджаў ці, наадварот, ад’язджаў, даносіліся ўвесь час чыесьці галасы, крыкі, а то па садзе нехта хадзіў, яна была ўпэўнена, што часам і заглядвалі ў вокны, але чамусьці асабліва страшылася яна па начах хляўка ў глыбіні саду, ля самага паваленага плота, свайго хляўка, адкуль ужо неаднойчы знікалі то рыдлёўка, то граблі, то што з інструмента мужа-нябожчыка, а пільнаваць усё гэта яна не магла, і ніякія замкі тут не дапамаглі б, яна была ўпэўнена, пасля таго, як купіла адзін такі ў гаспадарчай краме і навесіла, але ён знік разам з клямкай на другую ж, здаецца, ноч, і яна зразумела, што захаваць тут нічога немагчыма, але, тым не менш, трэба было, бо насоўваліся восень і зіма, а з надыходам халадоў ёй неабходна было апальваць дом, хіба дзеля даўнёнка, дзеля таго, каб неяк жыць далей, бо яна ведала, што адказвае за гэта безабароннае жыццё, анягож, і ў думках хацела толькі аднаго — каб аднойчы яна прачнулася і ўбачыла, як згінулі, праваліліся скрозь зямлю нахабныя чужынцы, гэтая набрыдзь, але пакуль усё заставалася па-ранейшаму, бо ў тым хляўку не толькі выкруцілі лямпачку і адарвалі провад, а і ўвогуле звечара станавілася вусцішна, нават дзіка, бо аднойчы, калі яна пайшла туды са свечкай, каб адшукаць сокавыціскалку, і запаліла тую свечку сярнічкай, то раптам агеньчык патух, быццам з-за пляча яе нехта яго задзьмуў, і жанчына спачатку анямела ад незразумелага ёй жаху, а потым кінулася да дзвярэй і апамяталася толькі ў хаце, і шкадавала, што няма тэлефона (яшчэ не падышла яе чарга, хаця, як настаўніца, яна мела нейкія нязначныя прывілеі), гладзіла па галаве даўнёнка, які, хоць і было позна, чамусьці не спаў, і гаварыла