Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 35
Юры Станкевіч
пакуль пабудзеце ў нашым гатэлі, а там пабачым
адчыніў дзверы і сказаў у калідор, звяртаючыся да міліцыянта
вазьмі каго яшчэ, і адвядзіце яго ў адзіночку, там ужо закончылі з рамонтам?
і вязень пачуў, як міліцыянт адказаў
замкі паставілі
і яго павялі праз двор, а потым па доўгім і вузкім калідоры, дзе сядзелі два міліцыянты за шахматнай дошкай, але гулялі, як са здзіўленнем заўважыў Даніла Прусак, не ў шахматы, а ў паддаўкі, а потым адзін з іх выплюнуў на падлогу недакурак, выцягнуў ключы і адчыніў дзверы апошняй у калідоры камеры, дзе яшчэ валялася тынкоўка, рэшткі цэглы і смецце — не паспелі прыбраць, і ён ступіў туды, і дзверы зачыніліся з трэскам, пасля чаго галасы ў калідоры аддаліліся і мужчына пачаў аглядаць свой новы прытулак: маленькае акенца было закратаванае, у куце месціўся ўнітаз, насупраць — нары, а вось за імі мужчына рантам выявіў звычайнае вядро з ацынкованай бляхі, дзе ляжалі кельня і малаток, і ў ім адразу прачнуўся інжынер-практык — за гады вучобы Даніла Прусак нямала папрацаваў у летнія месяцы на будоўлях, і ён адразу выцягнуў і прыхаваў за ўнітаз у спешцы і па недагляду пакінутыя рэчы, а вядро паставіў на сваім месцы, пасля чаго стаў думаць, чаму следчы перавёў яго ў адзіночку, і прыйшоў да высновы, што той не жадаў, каб хоць якая вестка прасачылася на волю праз каго-небудзь з вязняў ці як-небудзь інакш — агульная ідэя па яго, Данілы Прусака, ухіленню прагледжавалася ўсё так жа яўна і непахісна, і зноў, як і раней, пачуццё бяды холадам прайшло ў яго па спіне і знікла, растварыўшыся ў сценах, і мужчына прымусіў сябе адкінуць трывогу і заняцца тым, што пакуль толькі выспявала ў яго галаве кволай, неаформленай думкай, і думка тая мацнела з кожнай хвілінай, і была яна пра ўцёкі; і ўжо практычны і вынаходлівы розум абудзіўся ў ім у пошуках выйсця, ён пачаў абследаваць сцены — так і ёсць, думаў вязень, раствор, якім вялася кладка, быў у асноўным са жвіру, цэмент, вядома, кралі і тут, магчыма, каб будаваць свае лецішчы ці гаражы, ці проста па звыклай ляноце не дасыпалі яго ці блыталі прапорцыі, мужчына часта спыняўся і прыслухоўваўся да гукаў у калідоры і на двары, а потым зноў працягваў даследаваць камеру і ўрэшце знайшоў над вакенцам, якраз над верхнім перакрыццем, месца, дзе кладка была адносна свежая, і вылічыў, што, каб пралезці на міліцэйскі падворак, яму трэба выняць прыкладна шаснаццаць цаглін, і асцярожна пачаў калупаць і разгойдваць кельняй першую, — яна паддалася нечакана лёгка, мужчына выняў яе са сцяны, выграб рэшткі раствору ў вядро і ўставіў цагліну на старое месца: было амаль незаўважна, ва ўсякім разе, калі б у гэты момант увайшоў дзяжурны і пачаў шмон, то і ён нічога б не прыкмеціў, думаў вязень, прыслухоўваючыся да гукаў з калідора і падворка, але да яго даносіліся толькі рэдкія і прыглушаныя крыкі пакамернікаў ды гудзенне рухавікоў міліцэйскіх машын, час ішоў, а пра яго быццам увогуле запамятавалі, нават не неслі якога кавалка хлеба з вадой, не было ў камеры і святла, цемра паступова напаўняла яе з надыходам ночы, але, меркаваў Даніла Прусак, гэта ў яго становішчы нават і лепш, — ён выцягнуў яшчэ адну цагліну і ўзяўся за трэцюю, дапамагаючы кельняй і малатком, часам не даючы сабе веры, што яго намер можа мець поспех, але ж у гэтым свеце, у гэтым краі ўсё можа быць, думаў ён, як можа адбыцца здзек, гвалт, здрада, нечаканае ўзвышэнне адных і падзенне іншых, беззаконне і напад тых, каго залічваюць у служкі д’ябла іх трэба засцерагацца найбольш і не пасаваць перад сцяной, якая б яна ні была, так, сцяной, — ён выняў ужо чацвёртую цагліну, якая раскрышылася ў яго руках і асцярожна перанёс яе ў вядро; а сцяну трэба ці ўзмацняць, ці разгойдваць, бо сказана: пастукай — і табе не адкажуць, зноў настукай — і табе не адчыняць, тады ўзламай перашкоду, і ты пабачыш, што за ёй пустата, а шлях свабодны, — думаў вязень, — а потым думкі яго пераскочылі на даўнёнка і на тое, ці прыехаў сын Ігнат, каб накарміць і падтрымаць убогага, і ён спадзяваўся, што прыехаў; за акенцам, за кратамі стаяла ўжо ноч, якая раз-пораз парушалася крыкамі з калідора і клаксанамі рэдкіх аб гэтым часе машын, і мужчына спяшаўся, бо, па яго падліках, а пятай гадзіне ўжо світала, а часу ў яго заставалася не шмат, рукі пакрыліся нябачнымі драпінамі і ранамі, ён нават улавіў пах уласнай крыві, якая сцякала па пальцах, але працягваў раскрышваць сцяну і лічыць вынятыя цагліны — восем, потым дзевяць, дзесятая не паддавалася, і яе давялося выломліваць з дапамогай малатка — без гэтых неахайна пакінутых цеслярамі інструментаў у яго, вядома, нічога б не атрымалася, і тут рыкнула маторам машына, а потым раздаліся крыкі