Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 33
Юры Станкевіч
хіба я не здагадваюся, хто вам хабар дае за тое, што я тут?! за тое, што Клім Фралоў засіліўся? за тое, што забойца сястры маёй, Любы, не знойдзены? за тое, што «дурам» ды «шмалем» як гандлявалі, так і далей гандлююць і будуць гандляваць?
і, пэўна, трапіў у нешта такое, пра што павінен быў маўчаць, бо следчы Кузін аж перамяніўся ў твары, ускочыў свайго месца, адчыніў дзверы і сказаў міліцыянту, што там пільнаваў
зашлюндраўку тую сюды
і праз некалькі секунд з калідора пачуўся жаночы голас, жанчына нешта выкрыквала, а Даніла Прусак чакаў, што будзе далей, калі ўвядуць няйнакш прыхаваную зброю следчага, яго казырную карту — згвалтаваную дачку Манюкі, каго яшчэ, — але яна павінна адразу сказаць ім, што ў яго, Данілы Прусака, і тых, хто яе гвалціў, няма нічога агульнага, тут суцэльнае трызненне, не інакш, і дзверы адчыніліся, і ў пакой упіхнулі гарадскую клікушу Алесю, і следчы Кузін з робленай шчырасцю падсунуў ёй свабоднае крэсла, а тая ўбачыла Данілу Прусака і сказала, закрываючы рукамі азызлы твар з сіняком пад вокам
я ж цябе папярэджвала, Данііл, хутчэй з’язджай адсюль, а ты не паслухаўся
але следчы Кузін не даў ёй дакончыць
а скажыце зараз, грамадзянка Наравішына
пачаў ён, а Даніла ўспомніў, што прозвішча Алесі-Вольгі Наравішына
што адбылося два дні таму на гарадскім пляжы; як вы сустрэліся там з вашым былым аднакласнікам, грамадзянінам Прусаком, і што там далей здарылася
і Вольга-Алеся ўзняла апухлыя, у чырвоных прожылках ад таннага алкаголю і недасыпання вочы і сказала
навошта ты такое зрабіў, Данііл? хіба я цябе не перасцерагала, што тут усё мёртвае?
не зважаючы на тое, што следчы незадаволена замахаў рукамі і выціснуў, пагрозліва і ўжо зневажальна звяртаючыся на «ты»
гавары тое, пра што пытаюць, прашмандоўка, маць тваю
і жанчына загаварыла, палахліва пазіраючы на следчага Кузіна, як яна прыйшла на гарадскі пляж, як сядзела ля ракі, куды потым прыйшоў яе знаёмы Даніла Прусак з малым хлопчыкам, пляменнікам, а потым прыехала машына з тымі людзьмі, яна іх не ведала, і як яны там выпівалі
і твой знаёмы піў?
спытаў следчы Кузін, кіўнуўшы на Данілу, і твар у яго зрабіўся нібы ў дробнай драпежнай жывёлы, якая рыхтуецца скокнуць на сваю ахвяру, але жанчына не падтрымала яго
не
сказала яна
п’яным я яго ніколі не бачыла, а ведаю даўно, у школе, памятаю, вучыліся
але следчы Кузін абарваў яе
гавары па сутнасці, а не пра школу, раскажы — біў ён на пляжы чалавека ці не, і як?
і Вольга Наравішына таропка пацвердзіла, залашчваючыся перад следчым; пульхныя і нямытыя і таксама ў сіняках і драпінах рукі яе нервова мацалі пашарпаны край стала, а былая прыгажосць — валасы — пасівелымі пасмамі звісалі з вострага цемені, а яна гаварыла
так, біў, палку з сабой узяў, здаецца, я ж прасіла — не хадзі
тут Даніла Прусак заўважыў, звяртаючыся да следчага Кузіна
мне было б дзіўна, каб вы разбіраліся сапраўды па сутнасці, а так…
пачаў ён і ўсміхнуўся іранічна, — ён увогуле паспакайнеў, бо дазваніўся да сына і цяпер імкнуўся не даваць волю эмоцыям, а следчы Кузін адразу скарыстаў яго словы і спытаў