Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 22
Юры Станкевіч
пляваўся і пытаў
хіба наглядчыкамі ды папугаямі на вышках ва ўсіх тых лагерах, дзе я пабываў, чужынцы былі? не, свае ж, маць іх грэбаную, такі народ
ставіў у цэнтр стала вараную бульбу, адкуль сплывала ў столь пара, і гаварыў
і цяпер на зонах самі сваіх жа апускаюць, любімы занятак, самаеды, маць іх так і гэтак
зноў пытаў
вось вы, можа, у нейкай ступені кніжнік, навуковец, можаце мне растлумачыць, чаму на нас хутка пляваць будуць і мець рацыю?
на што Даніла Прусак толькі крывіўся і адказваў сумна
быў такі Гумілёў, што распрацаваў тэорыю пасіянарнасці, адпаведна якой для кожнага этнасу адпушчана прыблізна тысяча дзвесце гадоў: ён, этнас, з’яўляецца, пашыраецца і мацнее, потым плаўна спадае і кансервуецца, і мы зараз не адзіныя ў сваім заняпадзе — розніца хіба што ў формах, ну, вазьміце, прыкладам, Ангельшчыну, Францыю, Нямеччыну, Нідэрланды: там паўсюдна і імкліва расце колькасць чужынцаў — тых, хто знаходзіцца ў больш актыўнай стадыі этнагенезу; адны народы паміраюць, а на змену ім прыходзяць новыя
але стары перабіў зласліва
нешта я не чуў, каб па сваёй асабістай ахвоце задніцы падстаўлялі
і мужчына пагадзіўся
так, супраціў павінен быць, і гэта нармальна, але ў нас яшчэ і абцяжарваючы фактар — радыяцыя, а гэта значыць, што доля разумова адсталых рэзка павялічваецца, да таго ж мы не маем сістэмы генетычнага маніторынгу
а стары спытаў
вы мне можаце прасцей патлумачыць, чым гэта ўсё нам пагражае?
і мужчына падумаў і сказаў
мяркую, мы ў стадыі этнацыду, — калі большасць імкліва дэградуе, няздатная пераадолець генетычны цяжар, дый пажылі каля тысячы гадоў, якраз у тэорыю таго ж Гумілёва ўпісваемся, хаця ёсць яшчэ і актыўная меншасць
і стары пацікавіўся змрочна
дык што — віць усім вяроўкі?
а мужчына ўсміхнуўся і сказаў
патрэбны людзі, якія яшчэ, можа, і знойдуцца, якія разумеюць сітуацыю, а натоўп агітаваць дарэмна, чым гучней ім крычаць праўду, тым больш яны тых крыкуноў ненавідзяць, бо знясіленыя не жадаюць дзеяння, хіба не так?
і стары не адставаў
і што гэта за новыя людзі з’явяцца?
і мужчына сказаў
выспявае ж нейкая рунь, бізнесоўцы ўсялякія, энергія ад іх новая
а стары не пагадзіўся
тая рунь — проста блатныя ды прыблатнёныя — яны адзін аднаго жаруць, жор навокал стаіць, а вы пра энергію
і сачыў, каб даўнёнак еў і шкадаваў
гэ-эх, нябога
меркаваў
блатныя — яны абачлівыя і вялікія хітраваны, так што наўрад той Клім Фралоў на «макруху» проста так рашыўся: з якой нагоды? за «шмаль», кажаш? але і «шмаль» і «дур» жыцця не вартыя, хутчэй за ўсё падставілі зуха — ім, прыхадням, такі варыянт з абодвух бакоў ласы
Даніла Прусак па дарозе дадому ўспамінаў словы старога і думаў пра следчага Кузіна — чаму той маніць яму і не хоча, каб ён пабачыў Кліма Фралова, а даўнёнак трымаў яго за руку і гаварыў
дзедадзедадзеда
Даніла Прусак абяцаў
харошы дзед, заўтра зноў да яго пойдзем