Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 23

Юры Станкевіч

адзначыў міжволі, што чужынцаў за апошні час стала больш не толькі на былой фралоўскай сядзібе, а і па ўсім горадзе: па двое, па трое яны шпацыравалі на вуліцах, многія з іх ашываліся ў цэнтры горада, на плошчы ля галоўнага помніка, ля шматлікіх ларкоў, а калі наблізіўся да дома, то ўбачыў, што перад фралоўскай брамай перадусім зрабілі наспех лаўку, а на ёй сядзелі ўжо некалькі дзяўчат, сярод якіх ён пазнаў і Манюкаву Рэгіну — усе яны, як ён адзначыў, былі апранутыя ў лепшыя свае сукенкі, не інакш, палілі цыгарэты і хікалі, а перад імі выломваліся двое з тых бежанцаў, як яны сябе называлі, ва ўзросце яго сына Ігната, толькі больш узмужнелыя ды закаснелыя і раз-пораз нешта рэзка выкрыквалі то на сваёй, то на ламанай рускай

        будулагу! гуламарадубугула! бляматаюшуву!

пасля таго як паклаў спаць малога, зноў ладзіў плот і хадзіў у хлявок то па інструменты, то па цвікі, то па новыя дошкі, бо ў плоце некалькіх ужо не хапала, і яму стала зразумела, з чаго зрабілі лаўку перад брамай, і прыбіў дошкі цвікамі і раптам здзівіўся таму, што ў тым — хляўку апошнім часам нічога быццам больш не прападала, хаця замка на дзвярах ён не вешаў: стаялі на сваіх месцах старая канапа і камод, крэслы з падранай абіўкай на сядзеннях, у куце, як і раней, пры жывой сястры, ляжалі нажоўка, гэблік, граблі, матыка, пустое вядро і яшчэ розны хлам, і мужчына думаў пра гэта нейкі час, але так і не знайшоў тлумачэння, а потым цераз плот папрасіў адну з жанчын, што завіхаліся на былым фралоўскім двары, паклікаць з дому іх самага галоўнага мужчыну, а тая заўважыла мімаходзь і нядбайна

        у нас всэ главные

пачала гучна крычаць па-свойму дзецям

        губудумузуру!

але потым усё-ткі знікла ў доме, адкуль счакаўшы час, да яго выйшаў высокі і зарослы чорнай шчэццю апуцак з тоўстай шыяй і дзіўна завостранай зверху галавой: патыліца ў яго была зрэзана, а лоб збягаў назад, і ўтаропіўся вострымі вачыма, а Даніла Прусак сказаў яму

        плот больш не чапайце, я не пацярплю

і не азіраючыся пайшоў у дом, а на другі дзень зноў накіраваўся да следчага Кузіна, доўга чакаў яго ў райаддзеле, а даўнёнак енчыў, прасіўся на вуліцу і пачынаў плакаць, калі ўрэшце следчы з’явіўся і, нават не запрасіўшы ў кабінет, абыякава спытаў

        ну, з чым на гэты раз?

і мужчына патлумачыў

        я б усё-ткі хацеў пагаварыць са сваім суседам, Клімам Фраловым, самі ведаеце, цікаўнасць маю вялікую

а следчы Кузін сказаў

        высока ўзнімацца спатрэбіцца, аж на самае неба, ён, пэўна, там ужо — якраз учора засіліўся, такая для вас навіна

але Даніла Прусак не паверыў

        жарты ў вас, ментоў

а следчы гаварыў

        часу не маю з вамі чырыкаць, але скажу толькі — жартаваць не абучаны, у кавээнах не ўдзельнічаў

і дадаў

        дык, каб вам зусім сюды больш марш-кідкі не рабіць, скажу па сакрэту, што ў тым доме Фраловых мы вобыск зрабілі — быў адразу дазвол пасля смерці вашай сястры — дык вось вам навіна: аніводнага грама наркаты там не знайшлі, пуста

пасля чаго Даніла Прусак не стрымаўся — заўважыў