Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 20

Юры Станкевіч

        не вер ім, Даніла, я не забіваў!

а той спытаў, пакуль двое ў зялёнай форме — так званыя «агуркі» — закручвалі таму рукі і надзявалі наручнікі

        ты пра што, Клім?

а той закрычаў

        сястры тваёй, Любы, не забіваў! ведай гэта, а то табе навешаюць цяпер!

і тут яго ўпіхнулі ў машыну, дзверцы захлопнуліся і «варанок» ад’ехаў.

IV. Зняволенне

Даніла Прусак папрасіў у следчага Кузіна зэдлік, пасадзіў на яго даўнёнка, раскрыўшы на каленях хлопчыка кніжку з коміксамі, прысеў сам, а следчаму сказаў

        віншую вас з бліскуча праведзенай аперацыяй, толькі вось з логікай няўвязка; сачыце за думкай: Клім Фралоў вяртаецца дадому, які заняты чужынцамі, а забівае суседку, дык якая ў яго матывацыя — забіваць яе?

а следчы Кузін перакрывіў вусны

        не вастраслоўце, іншым разам і матывацыя не трэба — у блатных гэта проста, не падабалася што ці «дуры» перабраў, і — гатова

і Даніла Прусак асцярожна папрасіў

        мне з ім пагаварыць трэба, ён жа ўсё яшчэ ў вас, у СІЗО?

а следчы Кузін запярэчыў

        гэтага нельга, дый няма яго тут, па сто першым артыкуле ў СІЗО доўга не трымаюць

і незадаволена засоўгаў па стале локцямі, а мужчына спытаў

        дарэчы, пра «дур»: вы ведаеце, што ў тым фралоўскм доме той «дур’ю» гандлююць адкрыта, а вашы службы нават не варушацца?

а следчы Кузін адказаў

        тое-сёе мы ведаем, але калі вы, прыкладам, дасце дзесяцігадоваму сыну тую «дур» і пашлеце яго прадаваць на вуліцу, то мы ў гэтым варыянце бяссільныя: няма законаў, каб дзяцей ці іх бацькоў — за краты

і тут жа перайшоў у наступ

        вы ўмешваецеся ў ход следства, блытаеце нам работу, думаеце, што ваша справа — самая галоўная

а Даніла Прусак ямчэй уладкаваўся ў крэсле і сказаў

        сястру вы мне не вернеце, але і сапраўднага злачынцу на свабодзе пакідаць не павінны

а следчы абарваў з крывой усмешкай

        а хто вы такі — даваць загады

на што Даніла Прусак азірнуўся на даўнёнка, які сядзеў на зэдліку ў той самай позе, у якой яго ўладкавалі, і спытаўся

        хто мы такія — скажы, малы

а той падумаў і адказаў гугнява

        мы псіхі грэбаныя

а следчы Кузін зноў пакрывіўся ва ўсмешцы

        не адна ваша справа на мне

патлумачыў ён незадаволена і гаварыў, гаварыў, гледзячы ў закратаванае акно, нешта нязначнае, але ў яго словах, быццам нязначных, хвосцікам тырчаў намёк на тое, што ўмешвацца ў лес Кліма Фралова не варта, і Даніла Прусак думаў пра гэта ўвесь час, пакуль ішоў дадому, так нічога істотнага не дабіўшыся і на дазнаўшыся ад следчага Кузіна, хаця планаваў гэта, і даўнёнак плёўся побач, цяжка ўздыхаў і ўспамінаў