Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 18

Юры Станкевіч

        купацца! хто са мной, маць вашу так!

і здзёр з сябе спартыўныя штаны, куртку, а потым трусы, застаўся голы, разагнаўся і спрытна нырнуў з берага ў плынь ракі, а двое яго сябрукоў загаманілі па-свойму і знялі толькі кашулі, застаўшыся на беразе, між тым як голы мацак з рэзкімі выкрыкамі сплываў па рэчцы ўсё бліжэй і ўрэшце праплыў побач з паплаўком вуды Данілы Прусака, быццам не заўважыўшы ні яго, ні вуды, а даўнёнак адразу перастаў корпацца ў пяску і насцярожана, як звярок, які пачуў небяспеку, узіраўся ў чужынца, а той крычаў

        скачыце і вы, в натуры, не пашкадуеце!

і плыў на спіне, выторкваючы геніталіі, і крычаў

        маць яго, так і гэтак!

а потым вылез на бераг і пацягнуў у ваду дзяўчыну, глынуўшы з яе бутэлькі, а тая роблена вішчэла

        Сярожанька, не трэба! ай, бля, не хачу!

і хіхікала і зноў выкручвалася і крычала, звяртаючыся да тых, дваіх

        Карым, ратуй! дапамажыце!

але тыя раўнадушна глядзелі, пакуль урэшце голы Сярожа ўцягнуў яе ў раку, на глыбіню, і абое паплылі, мацюкаючыся і адплёўваючыся, прычым стрыжаны ўпарта плыў на спіне, дэманструючы свой перад, і ўрэшце вылезлі на бераг — дзяўчына пабегла за машыну і сцягнула там спадніцу і кашулю, застаўшыся ў майтках, бо ліфчыка на ёй не было, а стрыжаны Сярожа раптам падышоў да таго месца, дзе сядзеў Даніла Прусак, і сказаў

        я вытруся

але мужчына не зразумеў, пра што тлумачыць голы Сярожа, і, сціснуўшы сківіцы, заўважыў

        ты б менш крычаў, дзіцё напалохаеш

а той тым часам падчапіў з зямлі хлопчыкаву коўдру і ручнік і пачаў выціраць імі спачатку галаву і плечы, а потым жывот і геніталіі, але Даніла Прусак ужо ўскочыў на ногі і тузануў коўдру з рук нахаба

        думай, што робіш, ублюдак, гэта ж дзіцячыя рэчы!

скрозь зубы вырвалася ў яго, а Сярожа раптам усміхнуўся ўжо зусім цвяроза і прашыпеў яму ў твар

        што, не падабаецца, лох? я табе не падабаюся, да? ты нас не любіш, так?

і неспадзявана імгненна нанёс удар нагой, які прыйшоўся ў горла мужчыны, той пахіснуўся, ледзь не ўпаў і знерухомеў ад болю і шоку, бо не чакаў такой падлянкі, а голы Сярожа кінуў на траву пакамечаныя коўдру і ручнік і, гучна рыгнуўшы, пайшоў да сваіх, адкуль наўзабаве пачуліся дзявочы віск, лаянка, а потым усё гэта заглушыла музыка ад уключанага на поўную магутнасць магнітафона, а Даніла Прусак сутаргава зглынуў і адчуў, як горла апёк боль, а даўнёнак, пэўна, нічога не бачыў, бо ўдар быў спрактыкаваны і маланкавы, ва ўсякім разе мужчына спадзяваўся на тое, што малы не бачыў, і спусціўся да вады, дзе ляжала вуда, і сеў там, а даўнёнак падбег да яго і сказаў трывожна

        Даня

потым успомніў і заладзіў

        псіхі грэбаныя

зноў

        псіхіпсіхіпсіхі

Даніла Прусак патрос галавой і прыхінуў таго да сябе гаварыць ён не мог, толькі згодна кіўнуў, супакойваючы дзіцёнка, і сядзеў так хвілін пятнаццаць, а потым стаў складваць вуду, калена за каленам — адно ў адно, пакуль уся яна не зменшылася да даўжыні локця, надзеў верху пластыкавы каўпачок і пачаў аглядаць наваколле, пакуль не заўважыў удалечыні кропку — постаць Алесі — тая ўсё яшчэ самотна сядзела на беразе, і сказаў, хутчэй прасіпеў, даўнёнку