Читать «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» онлайн - страница 6

Алесь Бадак

Я вырашыў не ісці ў горад, а пехатой вярнуцца дадому, у сваю вёску, да якой было чатыры кіламетры. Я баяўся, што ў горадзе выпадкова магу зноў сустрэцца з Танечкай, чаго б мне цяпер больш за ўсё не хацелася. Я ведаў, што ўжо ніколі не буду ўспамінаць пра сваё каханне да яе з той пяшчотай, як гэта было заўсёды. А значыць, сёння яна дамаглася куды большага, чым, напэўна, хацела.

Я падумаў пра васьмікласніка, якога павінен быў заўтра, падчас свайго выступлення, асудзіць, і мне раптам стала шкада яго, хоць мы былі зусім незнаёмыя.

— Тут адзін васьмікласнік хацеў настаўніцу з дапамогай Інтэрнета шантажыраваць, — сказаў мой былы аднакласнік па тэлефоне, запрашаючы мяне прыехаць выступіць у школе.

— Ого, — засмяяўся я, — шантаж з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій! Відаць, здольны хлопчык. Можа, ён, калі вырасце, стане знакамітым праграмістам?!

— Усё не так проста. Настаўніца напісала заяву на звальненне.

Я ішоў дадому па ўзбочыне дарогі, па якой у дзяцінстве хадзіў так часта, што цяпер непазбежна патрапляў у свае сляды.

Я думаў пра хлапчука, якому заўтра павінен буду нешта гаварыць пра мараль і добрыя паводзіны ў школе.

У сваім уяўленні я маляваў яго партрэт, які, у выніку, чамусьці аказаўся копіяй майго школьнага партрэта, вядомага мне па старых фотаздымках. Русыя, крыху непаслухмяныя валасы, за якімі амаль не відаць вушэй, нос крыху кірпаты, вялікія вочы. Толькі ён, вядома, у адрозненне ад мяне, заўсёды пры грашах, раз у восьмым класе мае мабільнік з фотакамерай.

Я паспрабаваў уявіць, як гэта ўсё адбылося.

Сёлетні верасень быў цёплы, і яна прыйшла ў школу, апранутая даволі лёгка. Ёй дваццаць тры гады, і яна пакуль ніяк не можа прывыкнуць да строгіх касцюмаў, хоць дырэктар аднойчы ўжо, магчыма, і зрабіў ёй заўвагу. Зрэшты, дырэктар як-ніяк мужчына, і яшчэ не стары — яму толькі крыху за сорак.

Яна зайшла ў клас, абвяла васьмікласнікаў уважлівым, крыху напружаным ад хвалявання позіркам, якое старалася схаваць ад класа за сваёй усмешкай.

— Добры дзень.

Усе ўсталі, апроч яго.

— Ого, — разглядваючы яе з ног да галавы, сказаў ён дастаткова гучна, каб яна пачула.

Магчыма, гэта было па-дзіцячы выказанае захапленне, якое яна прыняла за фамільярнасць.

Ён сядзеў, крыху адкінуўшыся на спінку парты, і яна адразу зразумела, што з ім будзе цяжэй, чым з кім, асабліва калі яна не паставіць яго на месца адразу, з першага ўрока.

— На жаль, мяне не папярэдзілі, што ў восьмым класе ёсць калека, які не можа падняцца, калі заходзіць настаўнік.

Напэўна, трэба было адрэагаваць на яго ўчынак неяк па-іншаму, падумала яна. Вось так: «Спадзяюся, гэтаму маладому чалавеку гэтак жа не будзе хацецца ўставаць з-за парты, калі празвініць званок на перапынак!» А можа, на першы раз увогуле трэба было зрабіць выгляд, што яна нічога не заўважыла.

— А яго ў радзільным доме выпусцілі з рук!

«Яшчэ адзін паяц», — падумала яна, адшукаўшы вачыма на «галёрцы» яго сябрука: у кожнага «героя» ёсць такія «збраяносцы», якім яны дазваляюць так выказвацца пра іх узамен за верную службу. З імі якраз даволі проста, яны падсвядома адчуваюць свае другасныя ролі не толькі на вуліцы, але і на ўроку ў адносінах з настаўнікамі.