Читать «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» онлайн - страница 5

Алесь Бадак

— А ну, пайшлі да дырэктаркі!

Ён адчуў палёгку. Дырэктарка наўрад ці паверыць, што ён злодзей, хоць і ёй сказаць усю праўду ў яго не хопіць смеласці.

2

Робячы чалавеку зло, мы вінаватыя перад ім да таго часу, пакуль ён пра гэта памятае, але адчуваем сябе вінаватымі, пакуль памятаем пра гэты ўчынак самі. Зло — грэх, але калі перад Богам мы замольваем свае грахі малітвамі, то на зямным судзе памяць — адзіны суддзя, і яна ж — адзіная мера віны. Прычыніце чалавеку боль, а потым двойчы зрабіце яму дабро: ён даруе вам, але пакуль будзе памятаць пра прычынены боль, вы будзеце перад ім вінаватыя.

«Вядома, — думаў я, стоячы на аўтобусным прыпынку, усё яшчэ аглушаны апошнімі словамі маёй былой настаўніцы, — толькі той, хто крыўдзіць, бачыць розніцу паміж крыўдай, прычыненай ад кахання, і крыўдай, прычыненай ад нянавісці. Але няўжо тое кепскае, што я зрабіў Танечцы, за дваццаць гадоў не толькі не забылася, а ўсё яшчэ прымушае яе ненавідзець мяне? Кожнай віне ёсць свая цана, але нянавісць — цана занадта вялікая».

І тут мне ў галаву прыйшла ўратавальная думка: унутрана, недзе нават падсвядома, я лічыў, што Танечка мусіць мне ўсё дараваць таму, што я, яе вучань, стаў даволі вядомым чалавекам, якім настаўнікі павінны ганарыцца. Але аказалася наадварот: чым большай была мая вядомасць, тым больш яе гэта раздражняла. Мы не бачыліся дваццаць гадоў, і ўсе гэтыя дваццаць гадоў я заставаўся тым, хоць і закаханым, але непаслухмяным і часта даволі нахабным у сваіх паводзінах перад ёю вучнем.

Сёння я прыехаў у горад, каб знайсці свайго аднакласніка, які запрасіў мяне выступіць у школе, дзе ён працаваў настаўнікам. Мне хацелася папярэдне абгаварыць з ім нюансы гэтага выступлення, якое было не зусім звычайным: у яго класе здарыўся надзвычайны выпадак, і замест таго, каб гэтым займалася калі не міліцыя, то якая-небудзь камісія па справах непаўналетніх, павінен буду займацца я. Смешна, хоць і прыемна, што недзе яшчэ разлічваюць на тое, што пісьменніцкае слова можа мець нейкую вагу і нешта вырашаць. Тыдзень таму я выступаў у адной з мінскіх школ і расказваў васьмі… — проста містыка нейкая! — васьмікласнікам пра добрае, чыстае, вечнае, а пасля, ужо на школьным ганку, дзяўчынка, якая паўгадзіны таму, седзячы за пярэдняй партай, уважліва слухала мае вершы, падышла да мяне і папрасіла закурыць. Не ведаю, можа, сёння васьмікласнікі просяць закурыць і ў настаўнікаў, і наадварот — настаўнікі ў васьмікласнікаў. Я не ведаю сучасную школу, асабліва старэйшыя класы, таму не люблю перад імі выступаць. Нават крыху баюся іх, бо не ўяўляю, як перад імі трымацца, што ім гаварыць. І зусім не ведаю, што буду гаварыць заўтра…

Я думаў так, стоячы на аўтобусным прыпынку, і ад гэтых думак нават пачаў крыху раздражняцца, разумеючы, што віною таму — Танечка.