Читать «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» онлайн - страница 8
Алесь Бадак
3
…з таго часу, як, адчуваючы, што ў яго гараць шчокі, прычым, чамусьці правая пякла больш, а левая менш, быццам па правай якая-небудзь дзяўчына наводмаш ударыла далонню, а ў левую пацалавала, Сяргей Васілевіч падымаўся на другі паверх, у кабінет дырэктаркі, а следам за ім ішла тэхнічка.
Дырэктарка сядзела за сталом, а побач з ёй стаяла незнаёмая яму дзяўчына. Спыніўшыся ў дзвярах, ён, забыўшыся на тое, што пяць хвілін назад здарылася ў гардэробе, заварожана глядзеў на яе, глядзеў, і разам з тым не бачыў, таму што хацеў ахапіць позіркам зараз яе ўсю — ад залацістых валасоў, што ледзь краналіся плячэй, да ног, вышэй каленяў схаваных пад белай спаднічкай. У кабінеце стаяў водар духоў, якога ў іх школе раней ніколі не было, іначай ён бы яго абавязкова запомніў.
— Міхайлаўна, прабачце, вось прывяла злодзея. У гардэробе лазіў па чужых кішэнях.
Яму трэба было нешта гаварыць, апраўдвацца, але нехта нябачны схапіў яго за горла так моцна, што стала цяжка дыхаць. Апускаючы вочы, каб не сустрэцца з ёй позіркам, ён усё ж паспеў убачыць на яе твары здзіўленне і нават, як яму здалося, пагарду. Ён маўчаў, спадзеючыся, што дырэктарка скажа: «Гэтага не можа быць!», і тады ён з палёгкай уздыхне і, можа нават усміхнуўшыся, пацвердзіць: «Няпраўда! Я ніколі ні ў кога нічога не краў».
Але дырэктарка сказала:
— Добра, мы потым пра гэта пагаворым. Ідзіце, пара ўжо званіць на ўрок.
— Ой божачкі, і праўда! — усклікнула тэхнічка і выбегла з кабінета. Пра пачатак і канец урока яна абвяшчала, становячыся на зэдлік, які кожны раз прыносіла са свайго пакойчыка, і націскаючы на кнопку званка, што тырчэла ў сцяне калідора на першым паверсе, паміж вялікімі карцінамі мясцовага мастака і настаўніка малявання Івана Раманавіча Шакуры. Яго карціны віселі на ўсіх паверхах. Гэта былі пейзажы, на якіх навакольныя палеткі, лясы і вёскі ўгадваліся з цяжкасцю, у пэўнай ступені застрахоўваючы аўтара ад самапаўтораў у мастацтве. Ён спрабаваў пісаць партрэты знакамітых пісьменнікаў, але пасля таго як нават настаўніца беларускай літаратуры не адразу прызнала на яго партрэце Янку Купалу, Івану Раманавічу (за вочы — проста Раманавічу) давялося задавольвацца маляваннем адных пейзажаў.
Празвінеў званок. Другім урокам у восьмым класе была біялогія.
— У нас новая біялагіца, маладая, — сказала Ларыса Шацько, якая ведала ўсё пра ўсіх настаўнікаў, таму што яе маці ў федзюковіцкай школе вяла пачатковыя класы.
Пра тое, што Алачка, папярэдняя настаўніца біялогіі, летам у свае трыццаць нарэшце выйшла замуж і пераехала да мужа ў Баранавічы, ведалі многія. Яе ўсе вучні любілі — у тым ліку і за тое, што на кантрольных давала магчымасць спісваць, што не ставіла двойкі за нязробленае дамашняе заданне — замест яе ставіла ў класным журнале кропачку, і гэта азначала, што яна абавязкова выкліча на наступным уроку.
Зразумела, з-за гэтага яе прадмет у многіх у школе быў запушчаны, таму цяпер усе з трывогай чакалі, як павядзе сябе новая настаўніца.
Хвіліны праз дзве пасля званка дзверы класа расчыніліся, і паступова кабінет пачаў напаўняцца водарам духоў, які дагэтуль тут нікому не быў знаёмы.