Читать «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» онлайн - страница 4
Алесь Бадак
Віной усяму была яго ўлюблівасць — адна з праяў незвычайнай адчувальнасці прыгажосці ўвогуле. І калі аднойчы на ўроку геаграфіі яго класная сказала яму: «Сярожа, ну хіба можна піхаць дзяўчынку? Ты паглядзі, якая яна прыгожая!», ён кінуў позірк на сваю суседку па парце, Наташу Грынкевіч, і пагадзіўся, што яна і праўда вельмі прыгожая. Праз тыдзень ён ужо бачыў яе не толькі ў школе, але і ў снах, а праз паўгода ён амаль што стаў яе ўласнасцю, нават не здагадваючыся пра гэта.
Ён сяк-так пражыў летнія канікулы без яе, а напачатку верасня адбылася тая непрыемная гісторыя ў гардэробе.
Пачатак верасня быў дажджлівым, і нават старшакласнікі хадзілі ў школу ў верхнім адзенні. Яна другі год насіла сінюю балоневую куртачку з капюшонам, некалі велікаватую, а цяпер, наадварот, кароткую ў рукавах. У восьмым класе ўжо кожны сам вырашаў, з кім яму сядзець за адной партай. Вядома, ён хацеў бы зноў сядзець з ёю і знарок зайшоў у клас апошнім з хлапцоў, спадзеючыся, што яны да гэтага часу разаб’юцца па парах, але
Калі ён праходзіў міма, іх позіркі сустрэліся, яна яму ўсміхнулася, ад чаго на сэрцы стала хораша, але адначасова і яшчэ больш сумна. У яго кішэні была жменька карамелек. Спачатку ён думаў проста пачаставаць яе, але, пакуль цягнуўся ўрок, яму ў галаву прыйшла ідэя: ён непрыкметна пакладзе цукеркі ў кішэню яе курткі. Яна знойдзе іх па дарозе дадому і, вядома ж, здагадаецца, хто іх туды паклаў, і назаўтра пры сустрэчы яны зноў усміхнуцца адно аднаму, толькі больш загадкава, бо цяпер паміж імі будзе адна маленькая таямніца. І тады ён зноў пакладзе ёй у кішэню цукеркі, а лепей, што-небудзь іншае, таксама смачнае, ці проста прыемнае, каб гэта зноў стала для яе нечаканасцю. Толькі што? І дзе яго ўзяць, калі пра іх сям’ю гаварылі, што яны ў сне больш наядаюцца, чым вечарам за сталом.
На перапынку ён збег з трэцяга паверха ўніз, у гардэроб і, узрадаваны, што там нікога не было, знайшоў яе сінюю балоневую куртку і сыпануў у кішэню ўсе свае карамелькі. І толькі пасля гэтага падумаў, што адна карамелька была без абгорткі, што ад яе можа зліпнуцца кішэня. Ён хутчэй засунуў руку назад, каб дастаць яе, але… цукерак там не аказалася. У кішэні была досыць вялікая дзірка, якая імгненна праглынула іх, не зважаючы на тое, у абгортках яны ці без. Ён сунуў руку ў гэтую нябачную пашчу: вось адна цукерка, другая, трэцяя… Колькі іх было ўсяго?
І тут ён пачуў за спінай голас тэхнічкі:
— Ты што гэта па чужых кішэнях лазіш?!
Ён цярпець не мог тэхнічку, настолькі маленькую, што яе бруднай анучы для мыцця падлогі не баяліся нават першакласнікі, і, разумеючы, што нізавошта не скажа ёй праўду, быў прыніжаны тым, што менавіта яна ўбачыла яго тут і лічыць злодзеем. Самае страшнае, калі яна ведае, чыя гэта куртка, і зараз усё раскажа Наташы. Але тэхнічка сказала: