Читать «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» онлайн - страница 16
Алесь Бадак
6
Мы расстаёмся з дзяцінствам не тады, калі становімся паўналеткамі, а тады, калі перастаём разумець сэнс учынкаў, якія рабілі ў дзяцінстве. У трыццаць гадоў цягаць дзяўчынак за косы не тое што брыдка (у трыццаць мы часта робім рэчы куды больш брыдкія), проста перастаеш бачыць у гэтым дзеянні ўсялякі сэнс.
З пазіцый сённяшняга дня тое, што здарылася сакавіцкім вечарам 1985 года, было бессэнсоўным, але хіба яно здарылася б, калі б дваццаць гадоў таму так лічыў васьмікласнік Сяргей Васілевіч? Я разумею, што гэта не служыць яму апраўданнем, але паколькі цяпер у адносінах да яго я з’яўляюся адначасова і суддзёй, і адвакатам, мне гэтак жа цяжка абвінавачваць яго, як і апраўдваць. А калі і абвінавачваць, то разам з ім і яго сябрамі-аднакласнікамі — Валікам Пранчуком і Віцьком Жытко, якія ў той злашчасны вечар былі побач, — на лаву падсудных павінна было б сесці вельмі шмат людзей, як жывых, так і памерлых, калі б іх для гэтай падзеі можна было ўваскрасіць. Вядома, ступень віны пераважнай большасці з іх у выніку была б прызнана мізэрнай, але трэба ўлічыць, што многія з гэтай большасці маглі б праходзіць у якасці падсудных у вельмі многіх падобных справах. А яшчэ невядома, што горш: быць крышку вінаватым тысячу разоў, ці вельмі — адзін раз.
Як і многія яго равеснікі, ён захапляўся фільмам «Д’Артаньян і тры мушкецёры», імкнучыся ва ўсім браць прыклад з чацвёркі галоўных герояў, не разумеючы: тое, што ў кіно лічыцца геройствам, у рэальным жыцці можа кваліфікавацца як звычайнае злачынства, на якое многія прыгодніцкія фільмы, кнігі і правакуюць падлеткаў, што слепа імітуюць прыдуманых высакародных герояў.
Ён ужо не раз прымяраў на сабе ўяўную мушкецёрскую форму, браў у рукі ўяўную шпагу і перамагаў уяўных ворагаў. Яму дастаткова было ўяўнага геройства, пакуль не з’явілася Танечка — рэальная, а не экранная Канстанцыя Буанасье, якой сваё геройства трэба было даказваць рэальнымі справамі.
І неўзабаве ён паспрабаваў зрабіць гэта.
У шасцідзесятыя гады на ўскрайку Туровічаў, на месцы, дзе ў вайну немцы расстралялі дзевяць вясковых жыхароў, паставілі помнік, побач з якім разбілі невялікі скверык. За дваццаць гадоў дрэвы выраслі, і пасля школы альбо ў выхадныя дзятва часта збіралася там пагуляць у пікара ці валейбол.
У той вечар ён разам з Віцьком Жытко пайшоў у скверык паглядзець, як Валік Пранчук будзе выпрабоўваць свой самапал. Баёк, зроблены з тонкага цвічка, пры ўдары ніяк не хацеў запальваць серку. Яны правалэндаліся з самапалам пакуль не стала зусім цёмна, можна было разыходзіцца па хатах, але заўтра пачыналіся канікулы, і дадому ісці не хацелася.
Гадзін у дзевяць вечара на дарозе з’явілася Танечка. Ён пазнаў яе здалёк. Ён пазнаў бы яе з тысячы — па хадзе, і з заплюшчанымі вачыма — па гуку абцасікаў. Хлапчукі прыціхлі, калі яна праходзіла міма, а потым ён прапанаваў:
— Можа, прагуляемся з ёю?
У гэты момант ён адчуваў сябе тым самым д’Артаньянам, які хоча паказаць сябе героем перад сваёй Канстанцыяй, але гэтаму д’Артаньяну было ўсяго пятнаццаць, і за яго спінай не стаяў Дзюма, каб падказаць, як сябе паводзіць.