Читать «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» онлайн - страница 15
Алесь Бадак
— Я чуў, у яе нейкія праблемы былі на працы.
— Ну якія праблемы ў бізнесменкі — грошы. Многія нашы вучні займаюцца бізнесам. Вось бачыш, як атрымліваецца: мы іх гэтаму на ўроках не вучылі, універсітэтаў яны ніякіх не заканчвалі, нярэдка таму, што не змаглі паступіць. Але яны сёння зарабляюць у некалькі разоў больш, чым іх настаўнікі… А яна пра цябе часта ўспамінае.
— Я пра яе таксама. Помніце, як тэхнічка прывяла мяне да вас у кабінет і сказала, што я лажу ў гардэробе па чужых кішэнях?
— Помню, а як жа.
— Тады вы сказалі, што потым пагаворыце пра гэта са мной, але так і не пагаварылі.
— Навошта? Я даведалася, чыя куртка табе спатрэбілася, і мне ўсё стала ясна. Між іншым, у той дзень мы з табой здзейснілі аднолькавае злачынства. Я таксама залезла ў кішэню Наташынай курткі. Праўда, я думала, што знайду там тваю запіску, а знайшла цукеркі. Я пераклала іх у іншую кішэню — без дзіркі. Але, у адрозненне ад цябе, я рабіла гэта ў прысутнасці сведкі.
— Тэхнічкі?
— Не, Наташы. Толькі я папрасіла, каб яна ніколі табе пра гэта не гаварыла. Дарэчы, яна стрымала сваё слова?
— Яна мне ніколі нават не намякнула пра гэта.
— Можа, яна і хацела калі табе намякнуць, але ты быў ужо закаханы ў іншую. Я тады яшчэ падумала, што ў табе залішне шмат кахання, якое ты можаш даць жанчыне. Нават больш, чым ёй звычайна трэба. І ў цябе яго заўсёды хоць крышку будзе заставацца для іншых. А ў школьным узросце людзі такога складу характару асабліва шчодрыя на каханне. Таму тады ў маім кабінеце мяне больш хвалявала не тое, што здарылася ў гардэробе — я не сумнявалася, што ты не здольны на такі ўчынак, — а тое, якімі вачыма ты глядзеў на сваю новую настаўніцу біялогіі.
Мы наблізіліся да самага галоўнага.
— Я кахаў яе вачыма, а не сэрцам, таму змог ацаніць яе знешнюю прыгажосць, але не здолеў убачыць тое, што творыцца ў яе ўсярэдзіне. Магчыма, яна па сённяшні дзень думае, што я злодзей.
— Ну чаму, потым я ёй сказала, што тэхнічка памылілася. Павер, без лішніх падрабязнасцей.
— Але ад гэтага яна не стала ставіцца да мяне лепш. Наадварот, цяпер мне здаецца, яна часам шкадавала, што я не аказаўся злодзеем.
Мне не хацелася расказваць маёй былой дырэктарцы пра сустрэчу з Танечкай на аўтобусным прыпынку, і я не стаў тлумачыць, чаму менавіта так мне цяпер здаецца.
— Тваё каханне да яе было вельмі агрэсіўным. Яна была зусім яшчэ маладая і не ведала, як гэтай агрэсіі супрацьстаяць. На жаль, гэтаму нельга навучыцца ва універсітэце, таму што на кожны канкрэтны выпадак мусіць быць свой падручнік. А пасля яна была ўжо ў тым становішчы, калі спакой для жанчыны не прывілея, а неабходнасць. Дарэчы, яна павяла сябе вельмі годна, калі пасля ўсяго, што з ёю здарылася, не ўчыніла ніякага скандалу, не паскардзілася ў райана, а проста перавялася ў іншую школу. Зрэшты, калі б яна была ўпэўнена, што
— А што з ёй здарылася? — недаўменна спытаў я, адчуваючы, як словы пяском захрасаюць на языку.
— Ты хіба не ведаеш? Яна была на пятым месяцы, калі вечарам вы яе так напалохалі, што ад стрэсу яна ў выніку страціла дзіця.