Читать «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» онлайн - страница 14

Алесь Бадак

Я націснуў кнопку званка крайняй кватэры. Тут жыла мая школьная дырэктарка, мілая, бяскрыўдная Вольга Міхайлаўна Максімчык. Цяпер яна ўжо была на пенсіі, што рабіла мой візіт да яе не такім бесцырымонным. Па-першае, вечарам ёй не трэба было рыхтавацца да школы, а па-другое, выходзячы на пенсію, людзі пачынаюць жыць больш мінулым, чым цяперашнім, а якраз мінулае ў гэтым доме я і шукаў.

Яна сустрэла мяне з гасціннасцю адзінокага чалавека, паставіўшы на пліту чайнік, нават не спытаўшы, ці буду я піць чай. Муж яе некалькі гадоў як памёр, дзеці, двое сыноў, з’ехалі: адзін — у Мінск, другі — у Віцебск. Зрэдку яны наведвалі яе, што ў выніку толькі абвастрала пачуццё адзіноты.

— Цябе не пазнаць, — сказала яна, а я ўспомніў, што ўчора нехта гаварыў мне якраз адваротнае. І пэўна, што кожны з іх меў рацыю. Але ў адказ я не мог сказаць ёй пра яе самую ні тое, ні другое, таму што і тое, і другое было б няпраўдай, і яна гэта ведала.

Таму я сказаў:

— У вас тут так прыгожа — нібы ў гарадской кватэры.

— На жаль, гэта гаворыць толькі пра тое, што цяпер у мяне шмат лішняга часу. А час не павінен быць лішнім — ён робіць жыццё бессэнсоўным. Ну, а як ты жывеш? Пішаш?

— Пішу. Вось збіраюся напісаць невялікую аўтабіяграфічную аповесць пра школу.

— О, мы тут усе з задавальненнем яе пачытаем.

— Ведаеце, пакуль што я збіраюся пісаць гэтую аповесць толькі для аднаго чытача — для самога сябе. А для аднаго пісаць у шмат разоў цяжэй, чым для тысячы, таму я яшчэ не ўпэўнены, што ў мяне нешта атрымаецца.

— Чаму толькі для самога сябе?

— Мой бацька пабудаваў для іншых шмат дамоў, але больш за ўсё любові і натхнення ўклаў у сваю хату, пабудаваную для сябе самога. Хату, у якую заўсёды хочацца вярнуцца, як толькі выходзіш на вуліцу і зачыняеш за сабой весніцы. Я таксама хачу напісаць аповесць, якую б мне хацелася ўвесь час трымаць на сваім рабочым стале. Мне шмат хто казаў, што па некалькі разоў перачытваў мае кнігі. Але сам я ніколі да канца не дачытаў ніводнай з іх — я іх памятаю толькі па рукапісах. Гэта як у той прымаўцы пра шаўца, які ходзіць босы.

— А калі аповесць атрымаецца: табе не будзе шкада, што яе не прачытаюць іншыя? У хату, якую пабудаваў твой бацька, таксама заходзяць чужыя людзі.

— Але каб зайсці ў кнігу, яе спачатку трэба набыць, зрабіць так, каб яна стала тваёй уласнасцю. Я ведаю, што калі б мой бацька прадаў сваю хату, ён ужо ніколі б не зайшоў у яе, таму што яна для яго стала б чужой. Як жанчына, з якой расстаешся, і яна дастаецца іншаму. Хто ведае, — засмяяўся я, — калі-небудзь, можа, і я прадам каму гэтую сваю аповесць, каб напісаць лепшую. І ў яе з’явіцца іншы гаспадар, які будзе лічыць яе сваёй.

На кухні засвісцеў чайнік, і мы перапынілі нашу размову.

— Я на днях бачыла Наташу, — сказала Вольга Міхайлаўна, ставячы перада мной на часопісны столік перад канапай колеру марскога пяску паднос з двума кубачкамі чаю і цукарніцай.

У нашым класе былі тры Наташы, але я ведаў, якую з іх мае на ўвазе былая дырэктарка.