Читать «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» онлайн - страница 17
Алесь Бадак
— Ага, правядзём да кустоў, — заіржаў Валік. Дарога, па якой ішла Танечка, праз кіламетр упіралася ў другую, да якой з абодвух бакоў падступалі зараснікі.
— Цішэй ты! — незадаволена шыкнуў ён на Валіка.
Яны дружна ўсхапіліся. Некалькі дзесяткаў метраў ішлі воддаль настаўніцы, тым не менш адлегласць паміж імі і ёю паступова змяншалася. Баючыся, што калі яны параўняюцца з Танечкай, Валік можа нагаварыць ёй усялякага глупства, ён ціха сказаў:
— Давайце абгонім яе.
— У-у-у! — голасна, па-воўчы завыў Валік і, нацягнуўшы на галаву куртку, каб Танечка яго не пазнала, кінуўся наперад. За ім, гэтак жа па-воўчы выючы, з нацягнутымі на галаву курткамі пабеглі яны з Віцьком.
Калі Танечка засталася далёка ззаду, яны спыніліся. Раптам Валік падняў угору свой самапал і націснуў на курок. Нечакана для ўсіх прагучаў аглушальны стрэл.
— Балда! — выдыхнуў Сяргей.
Яны разумелі, што зрабілі нешта непатрэбнае, лішняе, пераступілі мяжу, за якой цячэ іншае жыццё па іншых законах. Хацелася вярнуцца назад, у скверык, але яны баяліся, што, калі зноў параўняюцца з Танечкай, яна іх пазнае. Калі павярнуць з дарогі направа, да вёскі, Танечка таксама здагадаецца, што яны адсюль, з Туровічаў, а значыць, здагадаецца, хто яны. Злева ад дарогі быў калгасны палетак, снег толькі што растаў, і на палетку цяпер было гразка. Заставалася ісці наперад, у бок прыпынку, каб дзе-небудзь у зарасніках кустоў перачакаць, калі Танечку падбярэ прыгарадны аўтобус…
7
Ідучы на выступленне, я не ўяўляў, што буду гаварыць. Я знарок выйшаў рана, каб да горада ісці пешкі. Многія лічаць, што думкі ўвесь час жывуць недзе ў нас. Насамрэч, яны трапляюць да нас праз наш зрок — і не важна, ці мы пры гэтым глядзім на дарогу, на чалавека, ці зазіраем у сваё мінулае. Ёсць думкі, якія круцяцца вакол нас як мухі. А ёсць капрызныя, нібы пчолы, што дзесяць разоў падумаюць, перш чым заляцяць да цябе. Але якраз такія думкі мне былі патрэбныя, а каб злавіць іх, патрэбен быў дарожны спакой, а не аўтобусная таўкатня.
У горадзе, хоць да пачатку выступлення была яшчэ амаль гадзіна, я адразу накіраваўся ў школу, зайшоў у настаўніцкую, дзе за сталом сядзеў мой аднакласнік Андрэй Несцяровіч, той самы, што арганізаваў тут сустрэчу са мной, і гартаў класны журнал. У мяне яшчэ цеплілася надзея, што да гэтага часу канфлікт паміж незнаёмым мне хлапчуком і настаўніцай уладжаны, і я магу пагаварыць са школьнікамі, не засяроджваючы на ім увагі.
Але Андрэй сустрэў мяне пытаннем:
— Ну што, падумаў, як будзеш выхоўваць юнага папарацы?
Я нявесела ўсміхнуўся:
— За папарацы будучыня. Сёння гэта аорта шоу-бізнесу, заўтра — палітыкі, а паслязаўтра… а пра паслязаўтра ў такім кантэксце лепш не думаць.
— Ну-ну, толькі не ўздумай гэта сказаць нашаму герою, а то маладыя настаўніцы будуць баяцца хадзіць на ўрокі. Дарэчы, ты ведаеш, чый ён сын?
«О Божа, — падумаў я, — толькі гэтага мне не хапала. Хутчэй за ўсё, сын якога-небудзь мясцовага чыноўніка. Цяпер зразумела, чаму ім займаецца не міліцыя, а няшчасны пісьменнік».