Читать «Цені забытых продкаў» онлайн - страница 6
Міхайла Кацюбінскі
Трамбіта!.. Туру-рай-ра… Туру-рай-ра…
Затахкала сэрца ў аўчароў, забляялі авечкі, учуўшы пашу… Шуміць травой халодная паланіна, а з дзікага ламачча, з берлагу, устае на заднія лапы мядзведзь, спрабуе голас і ўжо бачыць заспаным вокам сваю спажыву.
Хвошчуць ліўні вясновыя, грукаюць громам горныя вяршыні — і злы дух холадам вее ад Чарнагоры… а тут раптам з’яўляецца сонца — быццам божы лік — і ўжо звоніць у косы, што кладуць сена ў пракос. З гары на гару, з ручаіны ў ручаіну пырхае каламыйка, такая лёгенькая, празрыстая, што чуеш, як у яе за плячыма трапечуцца крыльцы…
Ціха звоніць ігліца ялін, ціха шэпчуць лясы халодныя сны летняй ночы, плачуць званочкі кароў, і горы няспынна спускаюць свой сум у патокі.
З ляскам і стогнам ляціць недзе ў даліну ссечанае ў лесе дрэва, аж горы ў адказ уздыхаюць, — і зноў плача трамбіта. Цяпер ужо на смерць… Спачыў нехта навекі пасля цяжкае працы. Закувала зязюленька дый каля Мянчыла… ой чыясьці галованька ды ў зямлі спачыла…
Марычка адгукалася на ігру флаяры, як галубка да шызага голуба, — каламыйкамі. Яна іх ведала безліч. Адкуль яны браліся — не магла б расказаць. Яны, здаецца, гушкаліся з ёй яшчэ ў калысцы, пялёхкаліся ў калдабане, узыходзілі ў яе грудзях, як узыходзяць кветкі-самасейкі на сенажацях, як яліны растуць па гарах. Куды б ні кінула вока, што б ні сталася на свеце: прапала авечка, пакахаў хлопец, здрадзіла дзяўчына, захварэла карова, зашумела елка — усё вылівалася ў песню, лёгкую і простую, як тыя горы ў іх даўнім, пачатковым жыцці.
Марычка і сама ўмела складаць песні. Седзячы на зямлі поруч з Іванам, яна абдымала свае калені і ціха гайдалася ў такт. Яе круглыя лыткі, апаленыя сонцам і голыя ад калень да чырвоных анучак, чарнелі пад падолам сарочкі, а поўныя губы міла ламаліся, калі яна зачынала:
Марыччына песня апавядала ўсім пра добра знаёмую падзею, яшчэ свежую: як зачаравала Андрэя Параска, як ён паміраў ад таго і навучаў іншых не любіць чужых маладзіц. Або пра гора маці, сын якой загінуў у лесе, прыдушаны дрэвам. Песні былі сумныя, простыя і сардэчныя, ажно рвалі сэрца. Яна іх звычайна канчала: