Читать «Цені забытых продкаў» онлайн - страница 7
Міхайла Кацюбінскі
Яна даўно ўжо была Іванкава, яшчэ з трынаццаці гадоў. Што ж у тым дзіўнага было? Пасучы статак, бачыла часта, як палююць каровы або маркатуюць авечкі, — усё было так проста, звычайна, як свет стаіць, што ні адна нячыстая думка не запарушыла ёй сэрца. Праўда, каровы ад таго становяцца цельныя, а авечкі котныя, але людзям памагае варажбітка. Марычка не баялася нічога. За поясам, на голым целе, яна насіла часнык, над якім шаптала варажбітка. Ёй нішто цяпер не зашкодзіць. Успамінаючы гэта, Марычка гарэзна пасміхалася сама сабе і абдымала Івана за шыю.
— Любы Іванка! Ці будзе з нас пара?
— Як Бог дасць, мая салодзенькая.
— Ой не! Вялікі гнеў трымаюць у сэрцы нашы старыя. Не налюбіцца нам.
Тады яго вочы цямнелі і тапарок угрызаўся ў зямлю.
— Мне не трэба іх згоды. Хай што хочуць робяць, а ты будзеш маёю!
— О-ё-ёй! Што ты гаворыш…
— Што чуеш, галубка.
І ўсё роўна, як на злосць старым, ён на танцах круціў дзяўчынай так, што аж пасталы разлазіліся.
Аднак не ўсё так складалася, як думаў Іван. Гаспадарка яго руйнавалася, ужо не было каля чаго ўсім увіхацца, і трэба было ісці ў наймы.
Маркота грызла Івана.
— Давядзецца ісці на паланіну, Марычка, — сумаваў ён загадзя.
— Што ж, ідзі, Іванка, — пакорліва адказвала Марычка. — Такая, відаць, наша доля…
І яна каламыйкамі ўпрыгожвала іх разлуку. Ёй было шкада, што надоўга перапыняцца іхнія сустрэчы ў ціхім лесе. Абдымала за шыю Івана і, тулячы да яго твару бялявую галоўку, ціхенька спявала яму над вухам:
— Успомніш?
— Успомню, Марычка.
— Нічога! — суцяшала яна яго. — Ты будзеш, мой родны, аўчарыць, а я сенаваць. Узлезу на капу дый пагляджу ў горы на паланінку, а ты мне затрубі на трамбіце… Можа, пачую. Як туман будзе ападаць на горы, я сяду ды заплачу, што не відаць майго любага. А як у пагодлівую ночку высыплюць на небе зоркі, я буду прыглядацца: якая зорка над паланінкаю — тую бачыць Іванка… Толькі спяваць пакіну…
— Чаму? Спявай, Марычка, не губляй весялосці сваёй, я хутка вярнуся.
Але яна толькі сумна галавой хістала.
ціха абазвалася да яго Марычка.
Марычка ўздыхнула і яшчэ сумней дадала:
— Так і я… Можа, і занядбаю…
Іван слухаў тонкі дзявочы галасок і думаў, што яна даўно ўжо ўсё засеяла каламыйкамі сваімі, што іх спяваюць лясы і сенажаці, пагоркі і паланіны, звоняць ручаі і выспеўвае сонца… Але прыйдзе пара, ён вернецца да яе, і яна зноў пазбірае каламыйкі, каб было чым адбыць вяселле.