Читать «Цені забытых продкаў» онлайн - страница 4
Міхайла Кацюбінскі
Сядлаліся коні, і зялёнаю сцяжынаю цягнулася квяцістае шэсце, нібы ўплятаючы чырвоныя макі ў стужку дарогі.
Па гарах, нізамі і хрыбтамі, плылі святочна ўбраныя людзі. Зялёная атава царынак раптам расквачвалася, уздоўж Чарамоша цёк рознакаляровы паток, а дзесьці высока, на чорнай завесе яловых лясоў, жарам гарэла ў ранішнім сонцы чырвоная стрэшка гуцульскага парасона.
Неўзабаве Іван убачыў сустрэчу варожых родаў.
Яны ўжо вярталіся з фэсту, тата быў трошкі на падпітку. Раптам на вузкай дарожцы, паміж скалою і Чарамошам, узнік затор. Вазы, коннікі і пешыя, мужчыны і жанчыны спыніліся і збіліся ў кучу. Над раз’юшаным крыкам, што ўсхапіўся адразу, як віхор, заблішчалі жалезныя тапаркі ды заскакалі перад самымі тварамі. Як каса і камень, стаялі роды — Гутанюкі з Палійчукамі, і перш чым Іван паспеў расшалопаць, што да чаго, тата размахнуўся тапарком і ўдарыў плазам камусьці па галаве, з якой пырснула кроў, заліла твар, сарочку, шыкоўную аўчынную безрукаўку. Войкнулі жанчыны, кінуліся бараніць, а ўжо чалавек з тварам чырвоным, не раўнуючы як яго штаны, чмякнуў тапарком ворагу ў галаву, і пахіснуўся Іванаў тата, як падсечаная елка. Іван кінуўся ў бойку. Не памятаў, што робіць. Штосьці падняло яго. Але дарослыя патаўклі яму ногі, і ён не мог праціснуцца туды, дзе біліся. Усё яшчэ гарачы, раз’юшаны злосцю, ён з налёту наскочыў на маленькую дзяўчынку, якая трэслася ад страху каля самага воза. Ага! Гэта, пэўна, Гутанюкова дзеўка! І, не думаючы доўга, пляснуў ёй па твары. Яна скрывілася, прыціснула рукамі да грудзей кашулю і стала ўцякаць. Іван злавіў яе каля ракі, хапануў за пазуху і разадраў. Адтуль выпалі новыя стужкі, а дзяўчынка з крыкам кінулася іх бараніць. Але ён вырваў і кінуў іх у ваду. Тады дзяўчынка, уся згорбленая, паглядзела на яго спадылба нейкім глыбокім паглядам чорных матавых вачэй і спакойна сказала:
— Нічога… У мяне ёсць другія… нават лепшыя.
Яна нібы смяшыла яго.
Здзіўлены лагодным тонам, хлопец маўчаў.
— Мне мамка купіла новую панёву… і пасталы… і вышытыя капчуры… і…
Ён усё яшчэ не ведаў, што сказаць.
— Я файна ўбяруся і буду дзеўкай…
Тады яму стала зайздросна.
— А я ўжо ўмею граць на сапілцы.
— Наш Фёдар зрабіў сабе такую файную флаяру… ды як зайграе…
Іван надзьмуўся.
— Я ўжо зніча бачыў.
Яна недаверліва паглядзела на яго.
— А чаму ты б’ешся?
— А ты чаго каля воза стаяла?
Яна падумала крыху, не ведаючы, што адказаць, і пачала шукаць нешта за пазухай.
Выцягнула нарэшце доўгую цукерку.
— Глянь!
Палавіну адкусіла, а другую важным, поўным даверу рухам падала яму.
— На!
Ён завагаўся, але ўзяў.
Цяпер яны ўжо сядзелі поруч, забыўшыся пра віск бойкі і сярдзіты шум рэчкі, а яна расказвала яму, што завецца Марычкай, што пасе ўжо авечак, што нейкая Марцінова — сляпая на адно вока — пакрала ў іх муку… і падобнае іншае, абаім цікавае, блізкае і зразумелае, а пагляд яе чорных матавых вачэй мякка ныраў у Іванава сэрца…
І трэці раз затрубіла трамбіта пра смерць у самотнай хаціне на высокай кічэры: на другі дзень пасля бойкі памёр стары Палійчук.