Читать «Цені забытых продкаў» онлайн

Міхайла Кацюбінскі

Міхайла Кацюбінскі

Цені забытых продкаў

Аповесць

Пераклад з украінскай Вячаслава Рагойшы.

* * *

Іван быў дзевятнаццатым дзіцем у гуцульскай сям’і Палійчукоў. Дваццатай і апошняй была Аннычка.

Хто яго ведае, ці то вечны шум Чарамоша і скаргі горных патокаў, што перапаўнялі самотную хату на высокай кічэры, ці то сум чорных яловых лясоў так палохалі дзіцяня, толькі Іван усё плакаў, крычаў па начах, блага рос і глядзеў на матулю такім глыбокім, старэча разумным паглядам, што маці ў трывозе адводзіла ад яго вочы. Не раз яна са страхам думала, што не яе гэта дзіця. Не «асцераглася» баба пры родах, не абкурыла недзе хаты, не паставіла свечкі — і хітрая ведзьма паспела замяніць яе немаўля на сваё чарцяня.

Паволі расло дзіця, ды ўсё ж падрастала, і не заўважылі нават, як давялося шыць яму штаны. Але таксама было дзікаватае. Глядзіць перад сабой, а бачыць штосьці далёкае і нікому не вядомае або без дай прычыны крычма крычыць. Майткі з яго з’язджаюць, а яно стаіць сярод хаты, заплюшчыць вочы, разявіць рот і верашчыць.

Тады маці вымала люльку з зубоў і, замахнуўшыся на яго, злосна крычала:

— Цьфу на цябе! Ты, падкідыш! Згінь, каб вочы мае не бачылі!..

І ён знікаў.

Каціўся зялёнымі царынкамі, маленькі і белы, нібы шарык з дзьмухаўца, смела забіраўся ў цёмны лес, дзе ялінкі махалі над ім лапкамі, быццам мядзведзь лапамі.

Адсюль дзівіўся на горы, на блізкія і далёкія вяршыні, што ўпіраліся ў блакітнае неба, на яловыя чорныя лясы з іх сінім дыханнем, на светлую зеляніну царынак, якія, нібыта люстэркі, блішчэлі ў рамах дрэў. Пад ім, у даліне, кіпеў халодны Чарамош. На далёкіх узгорках драмалі пад сонцам самотныя хаціны. Было ціха і сумна, чорныя елкі бесперастанку спускалі сум свой у Чарамош, а ён нёс яго долам і расказваў.

— Івась!.. Гэ-эй! — гукалі Івана ад хаты, але ён не слухаў, абіраў маліны, страляў з лісткоў, рабіў свістульку або пішчаў на травінцы, намагаючыся пераняць галасы птушак ды ўсе тыя гукі, што чуў у лесе. Ледзь прыметны ў лесавым зеллі, збіраў кветкі і ўплятаў іх у свой капялюшык, а стаміўшыся, лажыўся дзесьці пад сенам, што сохла на астрывах, і спявалі яму на сон дый будзілі яго сваім звонам горныя ручаі.

Калі Івану мінула сем гадоў, глядзеў ён на свет іначай. Ён ведаў ужо многа. Умеў знаходзіць зёлкі — красаўку і герань, разумеў, чаму плача каня, з чаго пайшлі зязюлі, і калі расказваў пра ўсё гэта дома, маці падазрона пазірала на яго: можа, яно з ім гаворыць? Знаў, што на свеце пануе нячыстая сіла, што злы дух кіруе ўсім; што ў лясах поўна лесавікоў, якія пасуць там сваю скаціну: аленяў, зайцоў і сарнаў; што там блукае вясёлы чугайстыр, які тут жа просіць першага стрэчнага ў скокі і знішчае мавак; што жыве ў лесе голас сякеры. Вышэй, на дзікіх бязводных вяршынях, маўкі водзяць свае бясконцыя карагоды, а ў скалах хаваецца зніч. Мог бы расказаць і пра русалак, якія пагодлівым днём выходзяць з вады на бераг, каб спяваць песні, прыдумляць казкі, гаварыць пацеры, пра тапельцаў, што па захадзе сонца сушаць белае цела на камянях у рэчцы. Усялякія злыя духі насяляюць скалы, лясы, цясніны, хаты і загарадкі ды падсцерагаюць хрысціяніна або скаціну, каб зрабіць ім шкоду.