Читать «Слодыч і атрута» онлайн - страница 5

Зінаіда Дудзюк

— Гэта праўда? Ты не жартуеш? — збянтэжана спытала Зося і паспешліва завязала хустку на галаву.

Гардзей доўга апекаваўся Кірылавымі дочкамі, толькі калі пад вечар вясельная дружына сабралася везці нявесту да жаніха, неяк атрымалася, што Гардзей і Зося ўваліліся разам у нейкі вясельны вазок, дзе цесна сядзела грамада гасцей, і коні паімчалі іх у суседнюю вёску Сцяблова.

Людзі на вазку зацягнулі песню. Зося таксама ўключылася ў бязладны хор, невядома скуль вынесла яе памяць гэтую песню, можа, некалі чула яшчэ ад нябожчыцы мамы:

Ой, у лузе стаяла каліна, Я мілому вячэру варыла. Ужо вячэра кіпіць, закіпае, Мой міленькі на ганак ступае. «Ой, сядзь, мілы, прысядзь на парозе, Раскажы, што ты чуў у дарозе».

Побач у самае вуха басаваў Гардзей, хітравата жмурачы чорныя вочы, абдымаючы Зосю, каб не вывалілася з траскага вазка.

«Чуў я, міла, такую навіну, Што ты маеш малую дзяціну». «Гэта, мілы, навіна пустая, Што ў мяне ёсць дзяціна малая. Стаялі цыганы на мураўцы, Пакінулі дзіцятка на лаўцы».

Ніколі ў жыцці яшчэ гэтак не весялілася Зося, ніколі ў жыцці не была такой шчаслівай. Што і казаць, мала ёй ласкі выпала на яе долю. Мама рана памерла. Давялося Зосі гадавацца ў прытулку. Калі вярнулася зноў у сям’ю, адчувала сябе адчужана, жыла пад колкім і прыдзірлівым наглядам старэйшай сястры ды безуважнага бацькі, маўклівага, унуранага ў клопаты. Зараз яна не здатная была нешта думаць. Пад цяплом Гардзеевага позірку душа яе нібы разгарнулася, расцвіла, быццам кветка пад сонцам, і дзяўчына цешылася святам еднасці і разумення.

Хутка даляцеў вазок да жаніховай хаты. Толькі тут Зося заўважыла, што ні бацька, ні Каця ў Сцяблова не прыехалі, але гэта зусім не засмуціла яе, наадварот, яна падумала: «Вось і добра! Ніхто не будзе мяне тузаць і вучыць, як трэба сябе паводзіць».

Госці дзялілі каравай, частаваліся, спявалі і скакалі пад нястомны гармонік і бубен, а Зося нікога не бачыла, акрамя Гардзея. Разам яны нешта пілі, нечым закусвалі, смяяліся, пускаліся ў скокі, схамянуліся толькі тады, калі заўважылі, што хата апусцела, заціх гармонік. Свята скончылася.

— Напэўна, позна ўжо? Трэба дахаты вяртацца, — сказала Зося.

— Ага, пойдзем, — кіўнуў галавою Гардзей, і, ні з кім не развітаўшыся, накіраваўся да дзвярэй.

Зося рушыла за ім. На парозе азірнулася, убачыла незнаёмага п’янага чалавека, не старога, але са змораным тварам, чорнымі ўскудлачанымі валасамі, які ціхамірна спаў, паклаўшы галаву ў пустую талерку. Дзве маладзіцы прыбіралі са сталоў посуд і абгаворвалі нейкую Галену, якая ў сенцах сама сябе шчыпала за шчокі, каб быць ружоваю. Дзяўчына ступіла ў цёмныя сенцы, дзе сутыкнулася з некім у цемры і ледзь не ўпала, але Гардзей падтрымаў яе і вывеў на вольнае паветра.

3

Хмарнае начное неба навісала над маўкліваю вёскаю, толькі там-сям праглядвалі праз кудзелю аблачын гарэзлівыя зорачкі. У цемры ледзьве віднеліся чорныя абрысы хат і дрэў. Ад блізарукасці ў мораку Зося амаль нічога не бачыла, таму моцна трымалася за Гардзееву руку.