Читать «Слодыч і атрута» онлайн - страница 3
Зінаіда Дудзюк
За сталамі засталіся толькі людзі сталага веку. Моладзь высыпала на вуліцу. Каця і Зося таксама стаялі ў гурце дзяўчат. Вылучаліся яны крамнаю вопраткаю, якую прывезлі з бежанства. Тутэйшыя дзяўчаты былі ў суконных паласатых андараках, вышыванках, з рознакаляровымі пацеркамі на шыях. Усе да адной у квяцістых хустках. Было золка, аднак ніхто з моладзі і не збіраўся апранаць світкі. Шчокі палалі, вочы блішчалі, усё навокал кружылася вясёлкаю колераў. Знаходзіліся і асабліва спрытныя пявунні і танцоркі, што, здавалася, маглі пераспяваць каго хочаш. Перад такімі шырэй расступалася кола гасцей, але вось нехта не вытрымліваў і кідаўся ў спаборніцтва. Адбывалася вясёлая перапалка, да якой далучаліся новыя ахвотнікі. Урэшце скакаць і спяваць пачыналі ўсе, ужо не слухалі адзін аднаго, не зважалі на ўзмакрэлыя спіны і прытомленыя ногі. Пакуль граў гармонік, ніхто не мог спыніцца.
— Чаго засумавалі, прыгажуні? — спытаў у Каці і Зосі высокі чарнявы юнак, схапіў абедзвюх за рукі і пацягнуў у гурт танцораў. Каця адбілася, адышла далей да плота, а Зося безразважна рынулася ў скокі, звонка заспявала прыпеўку:
Хлопец не застаўся ў даўгу і зацягнуў прыпеўку ў адказ. Калі ён спяваў, ніжняя таўставатая губа ў яго трохі адвісала, гэта смяшыла Зосю.
Зося кінула на хлопца гарэзлівы позірк, усміхнулася, паказаўшы роўныя зубкі, па-заліхвацку сарвала з галавы хустку і, памахваючы ёю, заспявала:
Танцор у адказ упарта хітнуў галавою, адступіў на колькі крокаў ад Зосі, нібы любуючыся ёю, і заспяваў: