Читать «Слодыч і атрута» онлайн

Зінаіда Дудзюк

ЗІНАІДА ДУДЗЮК

СЛОДЫЧ І АТРУТА

Дудзюк, З. Слодыч і атрута : раман / Зінаіда Дудзюк.— Мінск : Маст. літ., 2013.— 398 c.

КНІГА ПЕРШАЯ

1

Маладзенькія дочкі збіраліся на вяселле, прыхарошваліся перад люстэркам. Бацька, седзячы ля стала, назіраў за імі з-пад насупленых броваў, а ў душы ціха радаваўся, што збярог дзяцей, выгадаваў адзін, пасля заўчаснай смерці жонкі. А колькі няшчасцяў давялося перажыць: вайну, бежанства, рэвалюцыю, халеру, тыф, голад... Старэйшая Каця, нізенькая, хваравітая з маленства, стрыманая ў пачуццях і, як здавалася Кірылу, разум­нейшая, кроку не ступіць, пакуль не ўзважыць усё як след, адно кніжкі яе псуюць. Што б ні рабіла, пры сабе трымае які-небудзь раман. Аладкі пячэ — і то з чытаннем. Малодшая Зося тварам і паставаю ўдалася ў бацьку, высокая і тоненькая, як былінка, але характар узяла матчын, такая ж гаманкая, мітуслівая, паспявала і сябе агледзець, і зрабіць заўвагу сястры:

— Навошта табе чорны каснік? Ці ты манашка?

— Я хустку завяжу, а касу закручу ў куксу, касніка не будзе відно, — адказала Каця. — А ты перш на сябе паглядзі! Так і пойдзеш, як расамаха, недаплеценымі коскамі матляць?

— І пайду! Мне так падабаецца, — малодшая сястра наравіста крутнула галавою.

Каця падціснула вусны і павучальна сказала:

— Гэта ў Самары камсамолкі трэслі падстрыжанымі патламі, а тут, на радзіме, іншыя звычаі. Дзяўчаты павінны хадзіць у хустках.

— Нічога я нікому не вінная. А калі мне горача ў хустцы?

— Тата, скажы ты ёй, — настойвала Каця.

— І чаго прычапілася? Ну, на табе... Завяжу. Цяпер супакоішся? — адказала Зося, ускідваючы на галаву лёгкую светлую хустку, аздобленую шаўковымі кутасамі.

Кірыла нічога не адказаў, прытоена ўздыхнуў. Каця нагадала пра Сама­ру — і ён міжвольна падумаў, што бежанства забрала ў яго ўсё лепшае. Каб не вайна, жылі б яны прыпяваючы. Хоць на гаспадарцы працаваць было цяжка, але нястачы не ведалі, не галадалі. Трымаў чатыры каровы, парку коней, дзесятак свіней, восем авечак, гусей, курэй, качак. Усё гэта давялося кінуць і па загадзе цара ехаць у свет, бо на Расію пайшоў вайною немец. Калі вярнуліся, дык засталі хату без даху, дзвярэй і вокнаў — адны голыя сцены. Каб яшчэ трохі затрымаліся, дык і сцены расцягнулі б на дровы свае ж аднавяскоўцы. Давялося жыць у брата Карпа. Усю зіму шчыраваў Кірыла, ладзіў дах, столь, печ, толькі пад вясну перабраўся з дочкамі ва ўласнае жытло. Ён лічыў, што прычынай нягод была неабачлівасць бацькі, які купіў зямлю паблізу чыгункі, хацеў жыць пры дарозе, каб прасцей было даехаць да Берасця, Кобрына і Жабінкі. Пралічыўся, не падумаў, што войны таксама рухаюцца па дарогах. Каб сям’я Барэйшаў жыла сярод балота, можа, прасядзелі б ціха акупацыю. А так пагналі сямейку Барэйшаў у Жабінцы на цягнік з мноствам гэтакіх жа гаротнікаў і павезлі на злом галавы ў Бог ведае якую Самару. Там і жонка памерла, пайшла аднойчы з бежанкамі ў стары здзічэлы сад, каб натрэсці яблыкаў, залезла на тоўстую галіну, а тая абламалася, бедная Палая абрынулася і ўвярэдзіла спіну. Забралі ў шпіталь. Прыйшоў Кірыла праведаць жонку, а яму сказалі, што яна ў трупярні. З цяжкім сэрцам вярнуўся дамоў, узяў апратку для нябожчыцы, наняў вазака, каб забраць яе ды пахаваць, а тут паведамілі, што жонку пахавалі, нават не сказалі, дзе магіла...