Читать «Слодыч і атрута» онлайн - страница 203

Зінаіда Дудзюк

На 87-м годзе жыцця Зося атрымала паведамленне аб сваёй рэабілітацыі, але толькі пасмяялася з яго, бо віны за сабою не адчувала. Аднойчы ёй прыснілася Каця, якая паскардзілася, што Эні накарміла яе атручаным баршчом, таму яна заўчасна і памерла. Зося ўсё зразумела: хросная дачка Дзяніса пастаралася прыбраць з дарогі ягоную самотную састарэлую жонку, каб прысвоіць сабе спадчыну. У сне Каця прыязна, з любоўю пазірала на малодшую сястру, напэўна, на тым свеце здолела забыць ранейшую нянавісць і супакоілася.

Зося пражыла 96 гадоў, яшчэ паспела зазірнуць у ХХІ стагоддзе і паняньчыць свайго шостага праўнука. Памерла яна спякотным летнім днём, седзячы на прызбе каля хаты, якая да гэтага часу так і стаіць без сяней і агароджы. Адышла бабуля ціха — задрамала і не прачнулася. Мусіць, яна так і панесла б сямейныя паданні на той свет, але неяк прагаварылася, згадваючы мінулае, што вельмі пасварылася з Кацяю, калі нарадзіла сына і нават хацела ўтапіцца. Унучка Ганка здагадалася, што ў бабулі далёка не ўсё было гладка ў жыцці і каханні, і захацела даведацца праўду, пачала чапляцца з рознымі пытаннямі. Баба Зося вельмі трывожылася, нешта сама сабе мармытала, саромелася згадваць сваю грэшную маладосць, але ўсё ж памалу пачала тое-сёе расказваць і раскрываць свае жаночыя таямніцы. Яе згадкі і леглі ў аснову гэтага рамана, толькі прозвішчы і імёны змененыя па зразумелай прычыне.