Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 68

Васіль Ткачоў

Над вёскай вісіць ціхі зімовы вечар. Ашчэрвае зубы мароз. Рыпіць сняжок пад нагамі — нехта падыходзіць да веснічак, бразгае слесаком, заходзіць на падворак. Пазнаю: Лёха, Аляксей Прылепаў. Прыехаў ён з Поўначы, адзін, без сям'і. Працуе ў калгасе. Сёння ён зноў будзе доўга расказваць мне пра свае блуканні па свеце. Не склалася жыццё ў яго на Поўначы, а свая зямля, некалі забытая і пакрыўджаная, кожнага прымае, кожнаму даруе... Лёха — адзін з такіх. «И города нз нас не получнлось, и навсегда потеряно село». Хоць і позна, але ён сябе быццам бы знайшоў. Працуе. Печы і грубкі робіць, калі папросіць хто. Хваляць.

Жыве, адным словам, вёска. Правіць вяселлі, радзіны. Вырошчвае хлеб.

Заўтра мы з бацькам паедзем у Абідавічы, а там, мусіць, у райцэнтр. Пакуль зіма, трэба прызапасіць матэрыял і рамантаваць хату. Нашу хату. Няхай не старэе яна. Няхай доўга яшчэ стаіць яна на роднай нам з табой бацькоўскай зямлі.

ЛЯСНЫ ЦЭХ

Едзем з дзядзькам Васілём палявой дарогай у лес. Мне бачацца высокія, стромкія сосны, праз вяршаліны якіх страляюць долу сонечныя промні. Едзем у сасоннік, як кажуць у Гуце пра гэты пасляваенны бор, і сэрца поўніцца радасцю, а разам з тым і нейкай затоенай трывогай. Ці даўно басаногімі хлапчукамі бегалі мы ў тым ляску ў пошуках грыбоў і духмяных суніц, а потым, адчуўшы стому, сядзелі на палянцы альбо пад кусцікам і марылі аб новых прыгодах. Шчаслівае было дзяцінства, хоць і пасляваеннае, нялёгкае. Потайкам вынесеная лустачка хлеба дапаўняла наш лясны абед, і смачнейшага ласунку, чым хлеб дамашняй выпечкі з ягадамі, не ўяўлялася. Лес хораша карміў тады вёску. Час быў нялёгкі, няўкрутны, і таму бацькі не забаранялі бегчы ў лес: хіба ж шкодзяць да стала лясныя дарункі? I мы збіралі там усё, чым ён быў багаты.

Конь лёгка цягне калёсы, ступае па скапычанай дарозе цвёрда, ходка, і дзядзька Васіль паглядае, крыху завастрыўшы зрок — ажно маршчынкі збегліся сетачкай ля вачэй, у бок лесу, які выбягае насустрач пакуль што пагоркавым квадратам маладога сасняку, заўважае:

— Нядаўна пасадзілі, а бач, як выцягнуўся. I дзе расце? На пяску. Ведама, сасна. А пуставаў лапік. Іх каб усе такія лапікі да рук прыбраў, то карысць вялікая была б, і казаць не трэба. Драўніна драўнінай, але ж і грыбы растуць, ягады. Ледзьве не ў самай вёсцы. Курорт.

Дзядзька Васіль звесіў нагу праз драбіну, тая дастае ледзь не да самай зямлі. Падганяе каня, колы пачынаюць круціцца шпарчэй. Рослы дзядзька Васіль, хударлявы, прыгожы смуглявы твар кранулі маршчынкі. Калі было, здаецца, як прывёз з другога боку Беларусі сабе маладую прыгожую жонку — аблюбаваў яе, дзе служыў,— а ўжо дзедам стаў. Лятуць гады. Непрыкметна, неяк спадцішка, а варта азірнуцца — і дзіву даешся: ці даўно.... Ці даўно і ён, Васіль Трафімавіч Тарасаў, пагадзіўся пайсці працаваць у лясніцтва, а колькі снягоў сплыло вясновымі дзянькамі з лясных палянак, на якіх знаёма сёння яму кожнае дрэва. Ды я, прызнацца шчыра, увесь час і помню яго толькі ў форме лесніка. А вось ці ёсць у дзядзькі Васіля стрэльба — сказаць по бяруся. Мусіць, няма. Не раз бачыў, як накіроўваўся ён на свой участак з бензапілой, старэнькай, даўно адслужыўшай свой век сумкай, у якую сам ці жонка Каця клала што-небудзь перахапіць, сядаў на калёсы, ціха загадваў паслухмянаму коніку, і той вёз яго на працу. Лес — яго рабочае месца. Як спяшаюцца гараджане ў цэхі да станкоў, так і ён у лес, да дрэў. Наперадзе бег ганчак, быццам паказваючы каню дарогу ў цудоўны свет жывога хараства роднай зямлі.